Вы тут

Shuma выявіла сваю песню ў эфіры БТ і збіраецца падаваць у суд

Руся / Еўрарадыё

Вакалістка праекта "Shuma" Руся нечакана выявіла сваю песню ў роліку пра беларускіх лёгкаатлетычных гульнях, які круціць Белтэлерадыёкампанія. Артыстка не давала БТ дазволу на выкарыстанне трэка. Яна збіраецца адстойваць свае правы ў судзе.

Вельмі непрыемна, калі ты працуеш, укладваеш у творчасць шмат сіл і грошай, а тваю інтэлектуальную ўласнасць проста забіраюць. Прычым такое тэлебачанне! — абураецца Руся.

Гаворка ідзе пра песню "На моры вутка купалася". Яна гучыць у роліку з удзелам кідальніцы дзіды Таццяны Халадовіч.

Еўрарадыё пагутарыла з Русяй.

Што вы плануеце рабіць?

Я звярнулася ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Там зарэгістраваныя аўтарскія правы ўсёй прадукцыі "Shuma". Скан дамовы я зараз аддала свайму юрысту. Ён пачытае дамову і зможа патлумачыць, ці сапраўды я маю рацыю ў сваёй прэтэнзіі да БТ, — распавядае Еўрарадыё Руся.

А якія могуць быць нюансы?

Справа ў тым, што гэты відэаролік рэкламуе дзяржаўныя спартыўныя гульні і можа не патрапіць пад камерцыйнае відэа. А раз так, то БТ і радыёкампаніі могуць без узгаднення з аўтарам браць музычныя творы ў эфір. Пакуль не ведаю, як БТ вызначыць гэты відэаролік. Я напісала ім зварот. Таксама чакаю рэакцыі юрыста, і будзе зразумела, што далей рабіць.

Каму-небудзь удавалася выйграваць такія справы?

З такімі сітуацыямі ўжо сутыкаліся, напрыклад, гурт "Стары Ольса" і Філіп Чмыр. Але ніхто з іх праўды не дамогся. Наша судовая сістэма не становіцца на бок аўтара. Але я бачу сэнс у тым, каб спрабаваць нешта змяніць і рабіць гэта публічна. Чым больш артыстаў будуць апублічваць такое, тым хутчэй магчымая мадэрнізацыя заканадаўства ў гэтай галіне, і дзяржава будзе вымушана рэагаваць. 

Выканаўца заклікае беларускіх музыкаў, якія сутыкаліся з выкарыстаннем свайго кантэнту без дазволу, дзяліцца сваімі гісторыямі. "Калі мы аб'яднаемся, то рашэнне прыйдзе хутчэй", — упэўненая Руся.

Атрымаць каментар ад Белтэлерадыёкампаніі ў Еўрарадыё не атрымалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.