Вы тут

Што вядома пра жахлівае забойства, якое згадаў Лукашэнка

Адзін з абвінавачаных у забойстве жанчыны / Фота: ctv.by

У інтэрв’ю галоўрэду радыёстанцыі “Эхо Москвы” Аляксею Венедыктаву Аляксандр Лукашэнка нечакана згадаў пра жудаснае забойства. Кіраўнік Беларусі даведаўся пра яго 24 снежня ад старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы, калі той прыходзіў у Палац Незалежнасці з дакладам.

“Два падонкі, інакш не назавеш, не памятаю, у якім раёне. У іх ужо былі і разбоі, і іншае, і каралі іх. Забілі сваю настаўніцу. За што? За тое, што яна абараняла дваіх дзетак іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемент. Абараняла і патрабавала выключыць іх з сям'і і перадаць у іншую ці ў дзіцячы дом.

Дзіцячых дамоў у нас амаль не засталося, мы ў сем'і размеркавалі дзяцей [па стане на 2018 год у Беларусі было 37 дзіцячых дамоў. — Еўрарадыё]. Дык вось, яна прыхільніца [забраць дзяцей у маці. — Еўрарадыё] была, яна выконвала гэтую дзяржаўную функцыю. Але іх [хлопцаў, пра якіх ідзе гаворка. — Еўрарадыё] настаўнік. Яны яе рэзалі ўсю ноч. Не проста застрэлілі, забілі. Яны яе забівалі ўсю ноч. Яна прасіла іх, маліла. І яны ўрэшце да раніцы дабілі. Як?”

Як даведалася Еўрарадыё, гаворка ідзе пра забойства, якое адбылося ў Чэрыкаўскім раёне Беларусі ў красавіку 2019 года. Жанчына — школьны псіхолаг — атрымала 130 удараў нажом. Каб схаваць злачынства, яе дом падпалілі.

У забойстве падазраюць двух яе былых вучняў: братоў 1998 і 2000 гадоў нараджэння. У Магілёўскім абласным судзе Еўрарадыё расказалі, што... прысуду па іх справе яшчэ не было! Гэта значыць, што ніхто — нават Аляксандр Лукашэнка — пакуль не мае права публічна называць іх забойцамі.

Дом, дзе жыла жанчына / ex-press.by

“Прысуд яшчэ не вынесены, — расказалі Еўрарадыё ў судзе. — Справа разглядаецца ў Чэрыкаве выязным нашым [магілёўскім. — Еўрарадыё] судом. Суд пачаўся даўно. Наступнае пасяджэнне — 8 студзеня”.

Двое абвінавачаных знаходзяцца ў СІЗА. Па іх справе ўжо адбылося шэсць судовых пасяджэнняў. Братоў з Чэрыкава вінавацяць па другой частцы артыкула 139 (забойства). Па гэтым артыкуле маладым людзям пагражае смяротнае пакаранне. 

Дарэчы, Лукашэнка згадаў пра гэтае злачынства, якраз калі адказваў на пытанне пра смяротнае пакаранне:

— Смяротнае пакаранне незваротнае, Аляксандр Рыгоравіч, — заўважыў Аляксей Венядзіктаў.

— Учора, я прывяду… — перабіў Аляксандр Лукашэнка.

— Вярхоўны Суд… — у сваю чаргу перабіў Венядзіктаў

— Так, я табе прывяду прыклад, — сказаў кіраўнік Беларусі і расказаў пра забойства ў Чэрыкаве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.