Што кажуць пра сітуацыю ў Крыме прадзяржаўныя палітолагі?

17 сакавіка Вярхоўная Рада Крыма абвяшчае незалежнасць паўвострава і адразу ж заяўляе… пра намер уступіць у склад Расіі. Палітолаг Юрый Шаўцоў гаворыць, што пакуль аб стаўленні Беларусі да ўваходу ў склад РФ гаварыць рана.

“З расійскага боку мы бачым юрыдычныя крокі. Бачым падрыхтаваную заканадаўчую базу для далучэння Крыма. Але пакуль Расія гэтага не зрабіла. Калі зробіць, будзем бачыць, як Беларусь адрэагуе”

На думку Юрыя Шаўцова, пазіцыя Беларусі ва украінска-расійскім канфлікце відавочная — яе агучыў і кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, і кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

“На сённяшні момант мы маем заяву міністра замежных спраў, а галоўнае — прэзідэнта аб тым, што Беларусь выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. А таксама аб тым, што Беларусь імкнецца і абавязкова будзе будаваць добрыя адносіны з Украінай, з украінскімі ўладамі. Але пры гэтым трэба разумець, што галоўным саюзнікам і партнёрам Беларусі была і застаецца Расія”

Але акурат з апошнім сцверджаннем можа быць праблема — доўга сядзець на двух крэслах, падтрымліваючы і Маскву, і Кіеў, наўрад ці атрымаецца. Адносіны паміж нашымі самымі блізкімі суседзямі пакуль толькі пагаршаюцца і дайшлі ледзь не да вайны.

Галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка” Вадзім Гігін таксама лічыць, што Беларусь павінна шанаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Але не без выключэнняў.

“Беларусь заўсёды выступала за павагу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх краін, у тым ліку і братэрскай Украіны. Аднак улады любой краіны павінны быць здольныя забяспечваць гэты суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, гарантаваць правы і свабоды сваіх грамадзян”, — піша ён у сваёй аўтарскай калонцы на сайце БЕЛТА.

І дадае, што першым умешвацца ва ўнутраныя справы Кіева пачаў Захад, а Расія проста “не магла не заўважыць таго, што адбываецца, і была вымушаная ўмяшацца”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра ЭКАОМ Сяргей Мусіенка гаворыць Еўрарадыё, што аналізаваць стаўленне Беларусі да магчымага далучэння Крыма да Расіі пакуль рана. Гэтага пакуль не адбылося. Але правядзенне рэферэндуму з пытаннем аб незалежнасці Крыма ён называе пазітыўнай з'явай.

“Трэба разабрацца. Рэферэндум толькі адбыўся… Я лічу, што гэта пазітыўная з’ява. Людзі на рэферэндуме выказалі сваю волю, а гэта заўсёды пазітыўна”.

А вось супрацоўнік Акадэміі кіравання, палітолаг Сяргей Кізіма каментаваць сітуацыю ў Крыме і стаўленне да яе афіцыйнага Мінска “без дазволу на гэта кіраўніцтва” адмовіўся.

Тым часам прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заяўляе, што Беларусь гатовая “прыкласці ўсе магчымыя з нашага боку намаганні для таго, каб вярнуць адносіны паміж Украінай і Расіяй у нармальнае рэчышча”. Такі адказ Еўрарадыё атрымала на пытанне, ці прызнае Беларусь вынікі крымскага рэферэндуму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі