Скандал у Польшчы: Дуда засумняваўся, што Украіна верне Крым

Анджэй Дуда і Уладзімір Зяленскі 

Анджэй Дуда і Уладзімір Зяленскі  / Bankier.pl

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаў сумнеў, што Украіна зможа вярнуць пад свой кантроль Крым, анексаваны Расіяй у 2014 годзе. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю на ютуб-канала Zero.

Калі размова зайшла пра Украіну, польскі прэзідэнт сказаў, што Расія хоча перамагчы ў вайне, і калі яна пакіне за сабой занятыя тэрыторыі, то верагоднасць новага нападу — вельмі высокая. Дуда дадаў, што верыць, што Украіна верне сабе Данецк і Луканск, а вось наконт Крыма — сумняецца.

"Крым — асаблівы, уключаючы гістарычныя прычыны. Таму што насамрэч, калі мы паглядзім на гісторыю, то ён быў доўгі час пад кантролем Расіі", — сказаў прэзідэнт.

Словы Дуды, які з'яўляецца прыхільнікам партыі "Закон і справядлівасць" пацярпелай паражэнне на нядаўніх выбарах, выклікалі скандал.

"Хачу нагадаць спадару Дуду, што ў нашай краіне ёсць гарады, якія ў сваёй гісторыі належалі Польшчы больш кароткі перыяд часу, чым іншай дзяржаве", — заявіў дэпутат Сейма ад "Грамадзянскай платформы" Раман Герціч.

"Сорам. Сёння, кажа Дуда, невядома, што з Крымам, паколькі "большую частку часу ён знаходзіўся ў руках Расіі". У жніўні 2022 года ён заявіў, што Крым — гэта Украіна, "гэтак жа, як Гданьск — частка Польшчы", — адзначыў прадстаўнік "Грамадзянскай кааліцыі" Кшыштаф Брайза.

На словы Дуды адрэагаваў і амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч.

"Крым — гэта Украіна, так ёсць і так будзе. Падставай для гэтага з'яўляецца міжнароднае права, — напісаў Зварыч у X, — часовая акупацыя Расіяй Крыма з'яўляецца вайсковым злачынствам, за якое яна будзе пакараная. Дэакупацыя Крыма — наша агульная задача і абавязак перад свабодным светам. Без сумневу, мы гэта зробім. Мы верым і працуем разам", — дадаў украінскі амбасадар.

Пры гэтым Анджэй Дуда — адзін з паслядоўных прыхільнікаў незалежнасці Украіны. І яго папярэднія заявы пра Крым былі адназначнымі: Украіна абавязана вызваліць анексаваны востраў і ад гэтага вызвалення будзе залежаць сусветны парадак. 

У суботу ён адрэагаваў на шквал крытыкі ў свой адрас, заявіўшы, што дзеянні і пазіцыя адносна жорсткай агрэсіі Расіі супраць Украіны былі і ёсць зразумелымі з першага дня: Расія парушае міжнароднае права і здзяйсняе злачынства. Свой сумнеў у вяртанні Украінай Крыма палітык не патлумачыў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі