Шнайдэр: Непрымальна, калі палітвязняў выпускаюць за прызнанне віны

Еўрарадыё: Ці вядзе цяпер Еўропа перамовы з Беларуссю
наконт вызвалення палітвязняў? Магчыма, таемныя?

Йіржы Шнайдэр: Калі
таемныя, то я Вам, натуральна, не магу пра гэта сказаць... Але мы ўжо ясна
сфармулявалі, што чакаем вызвалення ўсіх палітвязняў. Гэта першая перадумова
для пачатку дыялога па ўсіх іншых сферах — як палітычных, эканамічных, гэтак і
па нейкіх яшчэ... І я лічу абсалютна непрымальнай практыку, калі людзей
выпускаюць з турмы толькі пры ўмове, што яны прызнаюць сваю віну.

Еўрарадыё: Ужо не першы раз у адносінах Беларусі і ЕС мы
праходзім такі этап, калі людзі па палітычных матывах трапляюць у турмы, пасля
з’яўляюцца заявы Еўрасаюза — вязняў вызваляюць, ЕС ідзе на дыялог. Пасля зноў
людзі трапляюць у турмы, і ўсё паўтараецца... Ці не баяцца ў Еўропе зноў
наступіць на старыя граблі? Магчыма, нешта зменіцца ў палітыцы Бруселя ў
дачыненні да Мінска на гэты раз?

Йіржы Шнайдэр:
Паверце, што нікому з нас не падабаецца гэта гульня ў коткі-мышкі з беларускім
рэжымам. Але ў адносінах ЕС з Беларуссю існуе ўбудаваны парадокс: мы не хочам
ізаляваць Беларусь, таму што Беларусь — гэта еўрапейская краіна і сусед
Еўрасаюза, і мы хочам трымаць для вашай краіны адчыненыя дзверы. Але, з іншага
боку, што мы можам зрабіць, калі дзверы ўвесь час зачыняюцца з беларускага
боку?

 

Еўрарадыё: Як будуць будавацца адносіны Еўрасаюза з
Беларуссю, калі ўсіх палітвязняў выпусцяць? Ці дастаткова гэтага для пачатку
дыялога або вы чакаеце яшчэ некаторыя крокі?

Йіржы Шнайдэр: Вызваленне
стане момантам, з якога пачнецца пэўны дыялог, але паўнавартасным я б яго не
назваў. Дыялог залежыць ад шматлікіх іншых фактараў, і палітвязні — гэта
найбольш бачны і, бадай, найбольш балючы пункт у нашых адносінах. Таму ў гэтым
дыялогу будуць іншыя ўнутраныя крытэрыі, якія дазволяць ацаніць, наколькі поўна
ён развіваецца. Я б перасцярог ад "чорна-белага" ўспрыняцца дыялогу з
Беларуссю як нечага статычнага, што або ёсць, або няма. Гэта працэс, і як
працэс ён мае розныя стадыі.

 

Еўрарадыё: Ці вядома ўжо, каго ад Беларусі запросяць на
саміт “Усходняга партнёрства” ў Варшаву, які пройдзе 29-30 верасня?

Йіржы Шнайдэр:
Натуральна, па-за пытаннем стаіць запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ідзе
пра запрашэнне прадстаўніка ўрада Беларусі. Калі шчыра, саміт — гэта заўсёды
сустрэча кіраўнікоў краін, таму можна сабе ўявіць, што на сустрэчы будзе пустое
крэсла. З іншага боку, палітыка “Усходняга партнёрства” — гэта палітыка
ўключэння ўсіх бакоў. Так што ёсць аргументы як на карысць, так і супраць
беларускага ўдзелу.

Еўрарадыё: І хто б гэта мог быць?

Йіржы Шнайдэр: Мы
абмяркоўваем магчымасць запрасіць ад Беларусі міністра замежных спраў.

Еўрарадыё: А на якім узроўні на саміце будзе ўздымацца
беларускае пытанне? Ці будзе ў выніковай дэкларацыі асобна згаданая Беларусь?

Йіржы Шнайдэр:
Пытанне ў тым, што дэкларацыю павінны падпісаць не толькі краіны Еўрасаюза, але
таксама ўсе краіны “Усходняга партнёрства” (Азербайджан,
Арменія, Грузія, Малдова, Украіна і Беларусь — заўв. Еўрарадыё)
. Зразумела,
Еўрапейскі саюз хацеў бы, каб у гэтай дэкларацыі быў асобны абзац пра Беларусь,
таму што Беларусь без сумненняў з'яўляецца асобным выпадкам сярод краін “Усходняга
партнёрства”.