Вы тут

Шайгу распавёў Пуціну аб захопе Луганскай вобласці

Уезд у Лісічанск / DW

Расійская армія захапіла Луганскую вобласць Украіны. Аб гэтым міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу далажыў Уладзіміру Пуціну. У афіцыйным паведамленні Мінабароны Расіі гаворыцца аб "вызваленні ЛНР".

Апошнім горадам Луганскай вобласці, які да гэтага часу знаходзіўся пад кантролем украінскіх сіл, заставаўся Лісічанск. 3 ліпеня Крэмль заявіў, што горад поўнасцю адрэзаны і ўзяты ў акружэнне.

Напярэдадні амерыканскі Інстытут даследавання вайны паведамляў, што расіяне, верагодна, усталююць кантроль над тэрыторыяй Луганскай вобласці ў бліжэйшыя дні. Пасля чаго, мяркуюць эксперты, акупанты пачнуць атаку на ўкраінскія пазіцыі ў Северску, затым вернуцца да бітвы за Славянск і Бахмут.

На думку экспертаў, адыход украінскіх войскаў да Северска дазволіць украінскім сілам знізіць рызыку імгненнага акружэння, яны могуць працягнуць сыход з баямі на мяжу ля трасы E40 са Славянска ў Бахмут. А з дапамогай артылерыі, атрыманай ад краін Захаду, украінскія войскі могуць стварыць пагрозу расійскім наземным лініям камунікацыі (GLOC), якія пралягаюць ад Белгарада да поўдня Харкаўскай вобласці.

Украінскі бок пакуль не каментуе сітуацыю вакол Лісічанска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.