Шапіра агучыў галоўныя праблемы ў хакейнай зборнай

Шапіра агучыў галоўныя праблемы ў хакейнай зборнай

Аб праблемах нацыянальнай зборнай казаў старшыня Федэрацыі хакея Сямён Шапіра на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 25 траўня. 

Шапіра з жалем канстатаваў, што на найбуйнейшых стартах апошніх гадоў каманда не дасягнула жаданых вынікаў. Асноўнай праблемай каманды ён назваў адсутнасць належнай канкурэнцыі за месца ў складзе зборнай. "Станоўчую дынаміку ў гэтым пытанні забяспечыць прыток хакеістаў з моладзевай зборнай каманды, але выбіраем мы сёння ў нацыянальную зборную ўсяго толькі з 60 гульцоў. Выбар невялікі. У нас адсутнічаюць у зборнай сапраўдныя лідары, здольныя ў цяжкі момант весці за сабой калектыў", — перадае БЕЛТА яго словы.

Узначальваць трэнерскі штаб зборнай, на думку старшыні ФХРБ, павінен высакакласны замежны спецыяліст. Менавіта пад кіраўніцтвам замежных трэнераў беларускія хакеісты паказвалі найлепшыя вынікі — выхад у чвэрцьфінал, аргументаваў ён. 

Сумяшчаць пасады галоўнага трэнера зборнай і мінскага "Дынама", па словах Шапіры, немэтазгодна: "Ні адзін з трэнераў нацыянальнай зборнай, які ўзначальваў "Дынама", не дапрацаваў на гэтай пасадзе да завяршэння сезона Кантынентальнай хакейнай лігі. Кантракты былі скасаваныя паадчас чампіянату". А вось асістэнтамі галоўнага трэнера зборнай мусяць быць галоўныя трэнеры мінскага "Дынама", фан-клуба "Дынама", Цэнтра па падрыхтоўцы моладзевай зборнай.

Шапіра мяркуе, што на выступ зборнай на чэмпіянаце свету паўплывала няпростая сітуацыя ў мінскім "Дынама". Перад сёлетнім чэмпіянатам хакеісты агучылі свае праблемы: запазычанасць па заробках, нявыплачаныя бонусы за выхад у плэй-оф, няпэўныя перспектывы на наступны сезон. Кіраўнік федэрацыі асцерагаецца, што хакеісты могуць падпісаць кантракты з расійскімі клубамі і памяняць грамадзянства. 

Акрамя таго, Шапіра прапанаваў пакінуць легіянераў у "Дынама-Мінск", але паступова памяншаць іх колькасць. Напрыклад, у наступным сезоне ён лічыць вартым пакінуць чатырох легіянераў. 

Поўная адмова ад замежнікаў дазволіць зэканоміць клубу не менш за 3 млн долараў. Але, дадаў старшыня ФХРБ, гэта можа кепска адбіцца на выніках каманды. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі