Шалёная лісіца стала прычынай каранціну ў Лунінцы

Шалёная лісіца стала прычынай каранціну ў Лунінцы

Шалёная лісіца напала на хатніх жывёлаў у Лунінцы. Падрабязнасці здарэння агенцтву БЕЛТА распавёў кіраўнік Лунінецкай раённай ветэрынарнай станцыі Іван Ванюк.

Удзень 23 верасня на вуліцах райцэнтра заўважылі драпежніцу. Яна блукала па вуліцах Францішка Скарыны, Дружнай, Багданава. Жывёла пакусала некалькі хатніх сабак, катоў, загрызла курэй. Мясцовыя жыхары паведамілі пра гэта ў МНС і ветслужбу.

Спецыялісты ўсыпілі лісіцу і жывёлаў, якія кантактавалі з ёю (са згоды гаспадароў). Пробы, адасланыя ў Брэсцкую абласную ветэрынарную лабараторыю, паказалі, што жывёла была хворая на шаленства. Цяпер у межах вуліц, дзе блукала дзікая жывёла, на месяц увядуць каранцін — гэтага патрабуюць санітарныя і ветэрынарныя правілы.

Дарэчы, ад пачатку года гэта ўжо другі выпадак шаленства на Лунінеччыне. Першы быў зарэгістраваны ў аграгарадку Палескі, дзе хатні кот пакусаў гаспадыню і неўзабаве памёр. Мяркуецца, што жывёла магла заразіцца на шаленства ад вожыка, з якім паеў з адной міскі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі