Вы тут

Севярынец заклікае выдаліць з Рады ПЭН-цэнтра "групоўку марксісцкіх камісараў"

Павел Севярынец / З архіва Еўрарадыё

Палітык і літаратар Павел Севярынец звярнуўся з адкрытым лістом да сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра. Ліст апублікаваны напярэдадні з'езду арганізацыі, які пройдзе 26 кастрычніка. Поўны яго тэкст прыводзіць сайт krynica.info. 

Сёлета ўвесну стала вядома, што Севярынца выключылі са складу ПЭН-цэнтра. Кіраўніцтва арганізацыі заяўляе, што ён не плаціў сяброўскія складкі. Сам Севярынец (які з'яўляецца сустаршынёй аргкамітэта партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя") тады тлумачыў, што перастаў плаціць складкі, бо ў ПЭНе ладзяцца "мерапрыемствы, звязаныя з прапагандай гомасексуальнага ладу жыцця". 

У цяперашнім лісце Севярынец заяўляе, што ў кіраўніцтве ПЭН-цэнтра сабралася лявацкая група, якая пераследуе хрысціянаў: "У ПЭНе атабарылася каля дваццаці чалавек "левых" — агрэсіўная крыклівая меншасць. Іх ідэалогія — культурны марксізм і прапаганда ЛГБТ. Бога няма. Усё дазволена. Быццё вызначае свядомасць. Ва ўсім вінаватая "среда", поўная рэлігійных і нацыянальных забабонаў. Даеш роўнасць — найперш роўнасць вычварэнняў з нормай. Раней ворагамі абвяшчаліся "буржуі", цяпер — хрысціяне"

Ён падкрэслівае, што Рада ПЭН-цэнтра не прыняла ў шэрагі арганізацыі восем з дзевяці хрысціянскіх літаратараў, якія падавалі заявы. Асноўную віну ён ускладае на Паўла Анціпава: "Асабліва змрочная роля тут у Анціпава. Менавіта гэты мала каму вядомы празаік, што піша па-расейску, маніпулюе Радай у справах кадраў, праектаў, падзеяў, прэміяў і вырашае лёсы беларускай літаратуры".

Па словах Севярынца, падтрымліваючы ЛГБТ, ПЭН-цэнтр падыгрывае расійскай прапагандзе і адштурхоўвае вернікаў у бок Масквы. 

Ён заклікае: "На З’ездзе прыстойным беларускім паэтам, пісьменнікам і публіцыстам, якіх у ПЭНе большасць, трэба выдаліць з Рады групоўку марксісцкіх “камісараў". Таксама Севярынец прапануе прыняць у шэрагі ПЭН-цэнтра восем пісьменнікаў-хрысціянаў, падтрымаць "Ноч расстраляных паэтаў", курапацкую варту і шэсце на Дзяды. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.