Аргкамітэт святкавання Дня Волі ўзначаліў Павел Севярынец
Павел Севярынец / t.me/seviarynets
2 сакавіка адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па адзначэнні Дня Волі — 25 Сакавіка. Удзел у пасяджэнні ўзялі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, палітычных партыяў, а таксама суарганізатары акцыяў у Вільні і ў Варшаве.
Агульным галасаваннем на пасаду старшыні быў абраны Павел Севярынец, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Аргкамітэт павінен вызначыць агульныя прыярытэты і асноўныя пасланні сёлетняга святкавання Дня Волі, а таксама каардынаваць і падтрымліваць арганізацыю мерапрыемстваў беларускімі дыяспарамі ў розных гарадах і краінах.
Наступнае пасяджэнне аргкамітэта плануецца ўжо на гэтым тыдні з пашыраным удзелам. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца прадстаўнікі дыяспары і ініцыятываў, якія займаюцца арганізацыяй акцыяў да Дня Волі па ўсім свеце.