Сапёры не знайшлі выбухоўку на мінскім вакзале і ў гандлёвых цэнтрах
Следчы камітэт Беларусі
9 лістапада каля 22:20 сапёры скончылі абследаванне трох мінскіх гандлёвых цэнтраў і чыгуначнага вакзала. Падазроных і небяспечных прадметаў яны не знайшлі. Цяпер у ГЦ і на вакзале працуюць следчыя.
Паведамленне аб небяспецы ў мінскіх гандлёвых цэнтрах "Замак", Dana Mall і Galileo, а таксама на чыгуначным вакзале, было атрымана 9 лістапада каля 19:00. Яно прыйшло на электронную пошту call-цэнтра Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі.
З пералічаных аб'ектаў былі эвакуіраваныя наведнікі і пасажыры. Туды адразу выехалі сапёрна-піратэхнічныя групы. Яны абследавалі будынкі ГЦ і вакзал, але падазроных прадметаў не знайшлі.
У Магілёве, дзе месціцца кантакт-цэнтр БЧ, следчыя агледзелі кампутар, на які па электроннай пошце прыйшло паведамленне. Яны імкнуцца выявіць адпраўніка ліста. Распачатая крымінальная справа па частцы 1 артыкула 340 (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Мінскія гандлёвыя цэнтры і вакзал эвакуююцца не першы раз. Падобныя выпадкі былі 31 сакавіка, 6 красавіка, 9 красавіка, 19 жніўня.
Наведвальнікі Dana Mall звярнулі ўвагу на адну дзіўную дэталь: нягледзячы на абвешчаную эвакуацыю, каб выехаць з паркоўкі гандлёвага цэнтра, яе трэба было спачатку аплаціць. Людзі трацілі на гэта час, што магло каштаваць чалавечых жыццяў у выпадку, калі б небяспека апынулася рэальнай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.