Вы тут

Самастрэл на мільярды: чаму Лукашэнка дарма пагражае Украіне нафтапрадуктамі

Без паліва Украіна наўрад ці застанецца / parallel

У час "Вялікай размовы" Аляксандр Лукашэнка не толькі выслухоўваў пахвалы ў свой адрас ад праўладных медыя, але і сыпаў пагрозамі: ад "Трэцяй сусветнай", да выказванняў на адрас Украіны.

— Калі б мы хацелі вас [Украіну] паставіць на калені, будзем шчырыя, мы б гэта зрабілі на працягу сутак разам з прэзідэнтам Пуціным, якога вы не любіце. Мы б перасталі пастаўляць вам гаруча-змазачныя матэрыялы, і заўтра на вілах бы павыносілі і Зяленскага, і ўсіх астатніх, — заявіў ён.

Што ж, смелая заява. Але каму было б горш у такім выпадку і няўжо ва Украіны няма альтэрнатыў?
 

Пытанне мільярдаў для Беларусі

Украіна заўсёды была прэміяльным рынкам для беларускай "нафтанкі". Так, у 2020-м па артыкуле "Нафтапрадукты" (звесткі Белстата) Беларусь прадала ўкраінскім пакупнікам тавару на 2 мільярды долараў. Па графе "Іншыя дыстыляты" — 1,6 мільярда.

— Вельмі дыскусійнае пытанне, хто каго ратуе: Беларусь Украіну сваімі пастаўкамі паліва ці Украіна ратуе Беларусь, бо ёсць адзіным ліквідным экспартным рынкам?

Куюн нагадвае: праз санкцыі ЕС для беларускай "нафтанкі" застаюцца тры напрамкі: унутраны рынак, краіны СНД і Украіна. Першыя два, паводле яго слоў, "пералітыя палівам".

— Санкцыі могуць штурхнуць ва Украіну дадатковыя аб'ёмы прадукту, у прыватнасці з Польшчы, а гэта яшчэ да 1 мільёна тон. Таксама залішнімі былі і застаюцца аб'ёмы бензіну. Ці варта здзіўляцца, што беларускі лідар заявіў, што ўводзіць санкцыі ў дачыненні да Украіны не плануе? Зразумела, інакш давядзецца спыніць адзін з двух беларускіх НПЗ дакладна.

Упэўнены ў тым, што Беларусь наўрад ці пойдзе на такі крок і экс-прэзідэнт Аб'яднання аператараў рынку нафтапрадуктаў Украіны Леанід Касянчук. Эксперт нагадвае, што экспарт па гэтых катэгорыях тавараў — аснова беларуска-ўкраінскага гандлю.

— Акрамя таго, на сёння ў дачыненні да беларускага нафтаперапрацоўчага комплексу дзейнічаюць міжнародныя санкцыі, што робіць немагчымым ажыццяўленне экспарту нафтапрадуктаў у ЕС, — выказаўся Касянчук і зрабіў здагадку, што Лукашэнка наўрад ці адмовіцца ад такой "валютнай ін'екцыі".

Аналагічнай думкі прытрымліваецца і дырэктар спецыяльных праектаў навукова-тэхнічнага цэнтра "Псіхея" Генадзь Рабцаў. Ён сцвярджае, што Беларусь тады страціць валюту.

— А за пастаўленае ў Расію паліва Беларусь зможа атрымліваць толькі рублі, што нявыгадна для яе.

 

Ёсць магчымасць альтэрнатывы?

Нават калі з'явіцца невялікі дэфіцыт паліва ў выпадку адмовы Беларусі ад паставак, у перспектыве прывезці ва Украіну яго з іншых крыніц цалкам магчыма.

— Украінскі рынак нафтапрадуктаў надзвычай дыверсіфікаваны па магчымых крыніцах паступлення. Так што хто больш страціць ад такога дэмаршу — вялікае пытанне! І такім прэміяльным рынкам, як Украіна, свядома ніхто не будзе маніпуляваць дзеля сумнеўных палітычных дывідэндаў, — кажа Касянчук.

І сапраўды, 11 жніўня ва Украіну прыбыла вялікая дэлегацыя польскай кампаніі Orlen — праўда, тэмы перамоваў афіцыйна не агучваюцца. Пры жаданні яна магла б павялічыць свае пастаўкі ва Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.