Вы тут

На Мазырскі НПЗ стаіць чарга з 200 бітумавозаў: што адбываецца?

Чарга на Мазырскі НПЗ / Еўрарадыё

Чытачы Еўрарадыё паведамляюць, што на пад'ездзе да Мазырскага НПЗ сабралася чарга з бітумавозаў даўжынёй некалькі кіламетраў. У пачатку ліпеня нават ноччу ля завода можна было ўбачыць чаргу з каля ста машын.

Паводле звестак выдання "Мозырский нефтепереработчик", на канец траўня "на спецыяльнай аўтапляцоўцы перад заводскай прахадной №7 у чаканні моманту наліву адначасна знаходзіцца да 150 машын (бітумавозаў)". То-бок попыт на беларускі бітум з'явіўся не ўчора, але цяперашняя цікавасць усё роўна куды больш жывая.

Еўрарадыё звязалася з дырэктарам кампаніі "Кантарэл Украіна" Бекханам Эльмурзаевым і даведалася, у чым рэч. Яго машыны якраз знаходзяцца ў чарзе на Мазырскі НПЗ, а сама кампанія пастаўляе бітум з Беларусі каля 20 гадоў.

 

"Абяцаюць загрузіць машыны сёння і заўтра"

Па словах Бекхана Эльмурзаева, апошнім часам актывізаваўся попыт на бітум праз паляпшэнне надвор'я.

Бітумы выкарыстоўваюцца для рамонту і будаўніцтва дарог / belchemoil.by

— Мы толькі ўчора-пазаўчора паставілі машыны. На заводзе нам абяцалі, што яны будуць загружаныя сёння і заўтра.

Праз непагадзь і немагчымасць праводзіць дарожныя работы завод атрымліваў менш заявак і выдаваў 1,5 тысячы тон бітуму ў дзень.

— Цяпер заяўкі з'явіліся, і з сённяшняга дня ён пачне працаваць максімальна. Думаю, яшчэ сёння-заўтра — і не будзе такіх чэргаў. Усяго за дзень завод можа выдаваць 3 тысячы тон бітуму. Гэта каля 120 машын. Сёння ў чарзе, напэўна, 200 машын.

Суразмоўца тлумачыць, што загадзя завод не можа прыгатаваць шмат бітуму.

— Бітум гарачы — 150 градусаў. Свайго месца захоўвання ў завода няма. Бо калі бітум астыне, то стане нетранспартабельны. Таму па неабходнасці завод гатовы працаваць кругласутачна.

У цэлым жа праблем з пастаўкамі з Мазырскага НПЗ няма, адзначае Бекхан Эльмурзаеў. У чэрвені, паводле звестак суразмоўцы, Мазырскі НПЗ, "Нафтан" і Нафтабітумны завод адгрузілі ва Украіну 75 тысяч тон бітуму.

За 27 дзён чэрвеня Мазырскі НПЗ адгрузіў 54 тысячы тон. З іх 20 тысяч тон забрала "Кантарэл Украіна".

— Украіне не хапае толькі свайго бітуму. Таму мы грузімся і ў Польшчы, і ў Беларусі. Якасць бітуму Мазырскага НПЗ лічыцца адной з найлепшых. Зразумела, што пастаўкі сезонныя, калі ідзе будаўніцтва дарог. Сезон дзесьці з сакавіка да снежня праз цёплае надвор'е ў апошнія гады.

Напрыканцы цікавімся, ці не паўплываюць санкцыі ЕС на пастаўкі бітуму ва Украіну.

— Беларускія заводы даўно нашы надзейныя партнёры, спадзяёмся, што супрацоўніцтва будзе працягвацца. Таму пакуль працуем у стандартным рэжыме. Бізнес-планы не мяняем, — заключае суразмоўца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.