Самаму касмічнаму мастаку Язэпу Драздовічу — 135. Дзе на яго паглядзець?
![Самы час пазнаёміцца з творчасцю беларускага Леанарда да Вінчы – у ягоны юбілей праводзяць унікальныя выставы.](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-10/photo_2023-10-13_15-25-18.jpg.webp?itok=h8in05UM)
Самы час пазнаёміцца з творчасцю беларускага Леанарда да Вінчы – у ягоны юбілей праводзяць унікальныя выставы. / Я. Драздовіч, "Сустрэча вясны на Сатурне"
Язэп Драздовіч — чалавек незвычайны. Мы ведаем яго як мастака, але складана нават вызначыць, да якога кірунку аднесці яго творчасць, у якім стылі ён маляваў. Таксама як немагчыма абмежаваць ягоную экстраардынарную асобу адным толькі вызначэннем “мастак”. Бо ён займаўся яшчэ і скульптурай, складаў вершы, выкладаў, быў тэатральным дзеячам, астраномам-аматарам, археолагам, этнографам, фалькларыстам, цікавіўся філасофіяй і хірамантыяй… Не чалавек, а цэлы сусвет! Наш беларускі Леанарда да Вінчы.
13 кастрычніка споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння нашага выбітнага земляка. Гэта добрая нагода ўганараваць памяць пра яго і праз ягоную творчасць паспрабаваць спазнаць вобраз мыслення славутага беларуса.
Нацыянальны мастацкі музей — творы, якіх яшчэ ніхто не бачыў
![Самаму касмічнаму мастаку Язэпу Драздовічу — 135. Дзе на яго паглядзець?](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/1061247012_0_0_1090_1400_1440x900_80_0_1_bda2e1302fe73ade7d911a788be477f4.jpg.webp?itok=kOprIeBe)
“Космас Язэпа Драздовіча” — гэта збор твораў з калекцыі аддзела старажытнай беларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут можна пабачыць карціны мастака са знакамітай “касмічнай серыі”, а таксама яго першую спробу ў партрэтным жанры. Некаторыя творы паказваюцца ўпершыню. Варта паспяшацца, выстава працуе толькі да 16 кастрычніка.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа — дзённікі і дакументы
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў праходзіць выстава “Самародак зямлі беларускай”, прысвечаная Язэпу Драздовічу. Тут паказаныя арыгінальныя дакументы з яго біяграфіі — пастанова пра прызнанне дваранскай годнасці роду Драздовічаў, генеалагічная табліца роду, якую склаў сам мастак.
![Самаму касмічнаму мастаку Язэпу Драздовічу — 135. Дзе на яго паглядзець?](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/img-05-l.jpg.webp?itok=v7yFnoYU)
“Вяртанне вечнага вандроўніка” ў Глыбокае
Родныя мясціны Язэпа Драздовіча — Глыбоччына. Тут на выставе ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі можна даведацца пра дзяцінства мастака, паглядзець на яго працы — на тое, як на малой радзіме захоўваецца памяць пра земляка. Напрыклад, тут расказваюць пра глыбоцкую традыцыю маляваных дываноў.
![Самаму касмічнаму мастаку Язэпу Драздовічу — 135. Дзе на яго паглядзець?](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/photo_2023-10-13_15-36-03.jpg.webp?itok=aJq25XC7)
Музей маляванкі ў Заслаўі
Што да маляваных дываноў і наіўнага мастацтва, то ў Заслаўі захоўваецца самая вялікая калекцыя не толькі дываноў Алены Кіш, але і маляванак Язэпа Драздовіча — 32 работы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.