Салаўёў бярэ перададзеную запіску, чытае: “Забярыце нас, як Крым, да сябе!”

Салаўёў бярэ перададзеную запіску, чытае: “Забярыце нас, як Крым, да сябе!”

На “творчы вечар” расійскага тэлепрапагандыста Уладзіміра Салаўёва іду не столькі, каб паглядзець на яго, колькі на тых беларусаў, якія пагадзіліся заплаціць ад 30 да 130 рублёў за магчымасць паслухаць, што ён ім раскажа, і пачуць: што яны ў таго Салаўёва пытацца будуць?

У 18.50 ля Палаца Рэспублікі маладафронцы з бел-чырвона-белымі сцягамі стаяць у атачэнні мажных хлопцаў з рацыямі і мінінавушнікамі у вушах. У гэты момант да аднаго з пратэстоўцаў падскоквае нейкі хлапчук, вырывае з рук плакат, але пасля невялікай валтузні гаспадар вяртае свой плакат, а хлапчук важным крокам адыходзіць у бок трох такіх жа, як ён невысокага росту, у “трэніках”, красоўках, непрыкметных цёмных куртках з нацягнутымі каптурамі, за якімі не бачна твараў.

Падчас выступу Уладзімір Салаўёў кажа, што выходзіў да “маладфронцаўцаў”, але падысці так і не здолеў перашкодзілі журналісты. “Але ніхто з тых пратэстоўцаў нават не паспрабаў кінуцца на мяне. Ды і што казаць: кволыя яны нейкія там усе і было іх чалавек дзесяць усяго”, з абразлівай інтанацыяй пасміхаецца Салаўеў.

Салаўёў бярэ перададзеную запіску, чытае: “Забярыце нас, як Крым, да сябе!”
Салаўёў выходзіць да маладафронтаўцаў, фота Еўрарадыё

Людзі яшчэ заходзяць у Палац. Ля ўваходу добра апранутая жанчына пытаецца ва ўсіх “лішні квіточак”. Выглядае гэта даволі дзіўна, улічваючы, што вольных месцаў у зале было дастаткова. Што праўда, ніводнага знаёмага твару я так і не здолеў убачыць. Як і не заўважыў прадстаўнікоў айчыннай наменклатуры. У зале звычайныя на першы погляд людзі, даволі проста апранутыя. Узрост прысутных: ад 25 да 70 гадоў.

Салаўёў бярэ перададзеную запіску, чытае: “Забярыце нас, як Крым, да сябе!”
Падчас выступу Салаўёва ў Мінску, фота: TUT.by

Праграма “творчага вечара” складаецца з двух частак: бенефіс Салаўёва і адказы на пытанні. Прамова расійскага вядучага ток-шоў уражанне пакідае… ніякае. Па акторску пададзеныя, добра зрэжысараваныя, але банальныя рэчы. Прамова ў стылі духоўна-маральнай пропаведзі.

Пра Каіна і Авеля, пра хрысціян і іудзеяў, пра Трампа і мігрантаў у Еўропе, пра аднаполыя шлюбы і сурагатнае мацярынства, пра Пуціна і Лукашэнку, пра Расію, Беларусь і зусім троху пра Украіну… І разы чатыры-пяць пра акцыю маладафронтаўцаў, якая яго “не закранула і не абразіла”…

“Не хочаш прыходзіць не набывай квіток, не хочаш глядзець маю праграму не ўключай тэлевізар! Навошта стаяць тут з лозунгам пра “чамадан-вакзал” і “Расію-забойцу”? А ля амбасады ЗША яны стаялі калі тыя бамбілі Лівію? Так праводзіць вечар пятніцы могуць толькі людзі, у якіх у асабістым жыцці не склалася”, шчыруе Салаўёў, зал адказвае яму апладысментамі.

Першая частка заканчваецца і Салаўёў прапануе пайсці на невялікі перапынак, але зал адмоўна гудзіць. Маўляў, не хочам у буфет, цябе слухаць хочам. “А буфет у нас з сабой”, кажа жанчына на шэрагу перада мной, дастае з сумкі бутэрброт ды пачынае есці.

Што ж пытаюцца беларусы ў Салаўёва? Калі адкінуць пытанні кшталту “Чаму так позна паказваюць праграму?” і “Ці не маглі б зрабіць так, каб вашы выступоўцы не скандалілі ў студыі?”, то амаль усе астатнія пытанні тычыліся альбо Расіі, альбо Украіны.

“Ці можа, на вашу думку, украінскі народ узяць у рукі зброю, каб скінуць сённяшнюю ўладу? А калі ўладу скінуць і Украіна зноў стане нашым агульным сябрам Расія верне ёй Крым?” пытаецца адзін з неабыякавых беларусаў.

“Крым не рэч, каб яго браць ці аддаваць. Крым гэта людзі, якія там жывуць і якія вызначылі свой лёс. Таму гэта пытанне павагі да іх. Пра ўзяць у рукі зброю: узяўшы ў рукі зброю, народ нішчыць дзяржаву, бо манаполія на гвалт у любой дзяржаве належыць выключна ўладзе. Трэба такія пытанні вырашаць законным шляхам”.

“У нас прыцягваюць да адказнасці ўсіх, хто ваяваў ва Украіне, а чаму ў вас на таго ж Матаролу крымінальную справу не завялі?”

“Шэрыя зоны заканадаўства, разводзіць рукамі Салаўёў. – Хаця, я лічу, што караць павінны закон мусіць быць роўны для ўсіх”.

“У Крым не могуць на адпачынак беларусы патрапіць, скардзіцца мужчына сталага ўзросту. Цягнікі адмянілі, машынай не даедзеш, бо дазвол у Кіеве адмысловы трэба браць".

— Дык што мне зрабіць? цікавіцца Салаўёў.

— Хай бы Расія ў расійскі Крым чартар які з Мінска пусціла!

— Я пагавару, абяцае той у адказ.

Да мікрафона падскоквае яшчэ адзін мужчына: “Сяргей, Ялта, Крым, Расійская Федэрацыя! Тут мой цёзка прапанаваў Крым Украіне вярнуць, а я вам скажу, што тады, на рэферэндуме не галасаваў толькі мёртвы! Я назіральнікам быў і такія гісторыі бачыў: бабуля прыйшла, кінула бюлетэнь і кажа мне: “Цяпер і памерці спакойна можна!”. Ці было, што два сыны старую матулю на насілках прынеслі, каб яна прагаласавала. А вы вярнуць!”

Салаўёў ківае прамоўцу, а я пакутую ад дэжа-вю вось чуў я ўжо гэтыя слязлівыя гісторыі! А тут, у Мінску, на шоў Салаўёва іх жывы сведка нейкім чынам апынуўся  цуды якія!

Салаўёў бярэ перададзеную запіску, чытае: “Забярыце нас, як Крым, да сябе!” І хутка адказвае:

“Не забярэм, і не спадзявайцеся! Ды і навошта вам гэта? У вас выдатная краіна, чыста так. Праўда, усе нібыта крыху “на строме”, нібыта ў любы момант… Але ж добра вам і так”.

“Раскажыце пра сяброўства Лукашэнкі і Пуціна”, — цікавіцца хлопец з зала. “Адкуль я ведаю, якое ў іх сяброўства? Я ў ім удзелу не бяру! Адносіны паміж людзмі на такіх пасадах зусім іншыя, чым звыклае нам сяброўства”.

У адказ на пытанне пра Познера чуваць: “Я яго не паважаю”, пра Навальнага і яго барацьбу з карупцыяй: “А каго ён перамог, якога карупцыянера? Каго яму замовяцць і за каго заплацяць таго і выкрывае!”

І гэтак далей. Па шчырасці, нейкіх асабліва вострых ці непрыемных Салаўёву пытанняў з залы не прагучала. Публіка падрыхтаваная, сапраўдныя адэпты тэлевізара. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі