Вы тут

Саладуха будзе галасаваць за мірнае неба, дысцыпліну і поўныя паліцы ў крамах

Кадр трансляцыі АНТ / tut.by

9 жніўня Аляксандр Саладуха збіраецца галасаваць за мірнае неба, дысцыпліну і поўныя паліцы ў крамах. Пра гэта ён распавёў БЕЛТА. Заслужаны артыст Беларусі, "сын ваеннага і па званні лейтэнант медыцынскай службы запасу" заявіў, што негатыўна ставіцца "да спробаў штучнага нагнятання сітуацыі ў краіне":

"Мяне так бацька выхаваў, што ўсё павінна быць дакладна, дысцыплінавана, ахайна, своечасова. Я буду галасаваць за мірнае неба над галавой для нас, нашых дзяцей, унукаў, за парадак, за дысцыпліну, за поўныя паліцы ў крамах, за нашу медыцыну, за адукацыю. Я некалькі разоў рабіў спробы з'ехаць у Расію, Украіну, але лёс пастаянна вяртаў мяне дадому. І вось надышоў момант сказаць: хопіць тузацца, тут тваё месца, тут ты павінен спяваць, працаваць для сваіх — беларусаў ", — разгаварыўся артыст.

На яго думку, у Беларусі "можна жыць, працаваць, добра зарабляць, атрымліваць асалоду ад жыцця, гадаваць дзяцей, унукаў", таму што за "гады незалежнасці" краіна стала іншай. Саладуха прызнаўся, што нават спаць не можа ад эмоцый, якія яго перапаўняюць:

"Палацы культуры — у асноўным усюды прайшлі капрамонты, раскошныя грымёркі ... А колькі будуецца жылля? Я на усмешцы усё гэта ўспрымаю, таму што такі ідзе рух наперад. Чыстая, дагледжаная краіна. Мяне тут усе ведаюць. Мора запрашэнняў на ўсе тэлеканалы, на ўсе агульнарэспубліканскія святы. У гэтыя выхадныя я выступаю ў Александрыі, на наступным тыдні "Славянскі базар у Віцебску", дзе я задзейнічаны ў чатырох канцэртах... Эмоцыі проста перапаўняюць, нават практычна спаць не магу".

3 ліпеня Аляксандр Саладуха нечакана засвяціўся побач з Аляксандрам Лукашэнкам і Наталляй Качанавай падчас выступу кіраўніка краіны.

"Я расцаніў гэта так: апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час", — пракаментаваў сваю блізкасць да Лукашэнкі выканаўца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.