Сакратарыят Балонскага працэсу: будзем маніторыць сітуацыю ў Беларусі

Права студэнтаў і акадэмічнай супольнасці, аўтаномнасць універсітэтаў і якасць адукацыі ― асноўныя пункты, якімі варта заняцца Беларусі. Такія рэкамендацыі наша краіна атрымала пасля ўступлення ў Балонскі працэс.

“Адным з асноўных пунктаў, гэта агучыла еўрапейская студэнцкая арганізацыя, трэба забяспечыць правы для ўніверсітэцкай прафесарскай супольнасці. Таксама варта забяспечыць аўтаномнасць універсітэтаў, ― агучвае пункты, якія варта выканаць Беларусі, Гаянэ Аруцюнян, кіраўнік сакратарыята працоўнай групы Балонскага працэса ў Ерэване. ― Заняцца якасцю адукацыі і прызнаннем дыпломаў”.

Сітуацыю з рэформамі ў сакратарыяце Балонскага камітэта абяцаюць праманіторыць. І паглядзець праз 3 гады, якія змены ў Беларусі.

“Будзе створаная каардынацыйная група, яе склад яшчэ не вырашаны. Яна будзе дапамагаць і рабіць прапановы Беларусі, каб працэс быў больш мяккі”, ― дадае Гаянэ Аруцюнян.

Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў у афіцыйным каментарыі на Белта кажа толькі пра ўніфікацыю сістэмы адукацыі і нічога пра аўтаномнасць універсітэтаў і правы выкладчыкаў.

“У адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі Балонскага працэсу зараз мы павінны распачаць некаторыя дадатковыя дзеянні па ўдасканаленні сістэмы адукацыі. Сярод іх, напрыклад, пэўная ўніфікацыя спецыяльнасцяў, увядзенне дадатку да дыплома згодна з еўрапейскім стандартам, распрацоўка нарматыўных дакументаў, згодна з якімі студэнтам, якія праходзяць стажыроўку ў замежных ВНУ, залічваюцца праслуханыя курсы ў Беларусі.

Вядома, уключэнне Беларусі ў Балонскі працэс прадугледжвае распрацоўку пэўнай адукацыйнай палітыкі ў "дэмакратычным аспекце", але развіццё нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі абсалютна не супярэчыць гэтым устаноўкам”.

У Міністэрстве адукацыі пакуль не кажуць, ці дачакаемся мы выбараў рэктараў і большага ўплыву студэнтаў на выкладчыкаў. Пакуль у ведамстве распавядаюць толькі пра нацыянальную праграму развіцця вышэйшай адукацыі. І пра тое, што яна адпавядае прынцыпам Балонскага працэсу.

Нагадаем, Беларусь прынялі ў Балонскі працэс з другога разу. У 2012 нас не ўзялі ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі праз невыкананне асноўных прынцыпаў: аўтаномія універсітэтаў, правы выкладчыкаў і студэнцкае самакіраванне. Па словах экспертаў, у 2015 нас прынялі “за цярпенне” і “з агаворкамі”.

Фота: www.eastkorr.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі