“Сачыць за падлікам галасоў назіральнікі будуць з адлегласці ў 3 метры"

“Сачыць за падлікам галасоў назіральнікі будуць з адлегласці ў 3 метры"

Круглы стол “Стандарты правядзення выбараў і ўдасканальванне выбарчага працэсу ў Беларусі” праходзіць 18 траўня ў Палаце прадстаўнікоў. Склад удзельнікаў прадстаўнічы: тут і дэпутаты беларускага і еўрапейскага парламентаў ды Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, кіраўніцтва айчыннага Цэнтрвыбаркама і прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ, Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і гэтак далей.

Ці здолеюць сёлета беларускія ўлады правесці выбары так, каб яны нарэшце спадабаліся заходнім назіральнікам, Еўрарадыё цікавіцца ў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Еўрарадыё: Што ўсё ж плануецца зрабіць, каб сёлетняя выбарчая кампанія была добра ацэненая Захадам?

Лідзія Ярмошына: Нават знакамітая “Венецыянская камісія” зрабіла папярэднюю выснову, што беларускае выбарчае заканадаўства дазваляе правесці свабодныя і дэмакратычныя выбары. Але самым важным з’яўляецца правапрымяняльная практыка. У сувязі з тым, што з 30 прапаноў АБСЕ 22 патрабуюць унясення зменаў у законы і Канстытуцыю, што з’яўляецца не рэальным напярэдадні выбараў (а што тычыцца Канстытуцыі – не рэальным увогуле), то мы і зрабілі акцэнт на ўдасканальванні правапрымяняльнай практыкі. ЦВК ужо прыняла шэраг пастаноў, якія мы можам прыняць да пачатку выбарчай кампаніі і якія тычацца самага важнага моманту – моманту ўзмацнення празрыстасці падвядзення вынікаў выбараў. Вызначаная працэдура падліку галасоў, якая дазволіць назіральнікам назіраць і бачыць ўсе дзеянні, што ажыццяўляе ўчастковая выбарчая камісія. Дазволеная прысутнасць назіральнікаў у памяшканні акруговых камісій пры звядзенні вынікаў выбараў. І трэцяе: назіральнікам дадзена права на атрыманне інфармацыі пра колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання, і тых, хто ўзяў удзел у галасаванні. Да ўсяго, узмоцнена празрыстасць разбіральніцтва выбарчых спрэчак і больш празрысты, дыскусійны парадак прадугледжаны для працэдуры ўтварэння ўчастковых, акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісій. Мы будзем строга назіраць за выкананнем гэтым нашых рэкамендацый.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што сябры камісій, падчас падліку галасоў, будуць стаяць з трох бакоў стала з бюлетэнямі…

Лідзія Ярмошына: Яны могуць і з аднаго боку стаяць – усё залежыць ад колькаснага складу камісіі. Калі яна з 5 чалавек, то яны будуць займаць толькі невялікую частку стала – усё астатняе будуць займаць назіральнікі.

Еўрарадыё: Тое, што будуць бачыць назіральнікі, будзе залежыць ад адлегласці, на якой яны будуць стаяць ад стала…

Лідзія Ярмошына: Я думаю, што яны будуць знаходзіцца на адлегласці трох метраў – не больш.

Еўрарадыё: Прадстаўнікі кандыдатаў у дэпутаты з правам дарадчага голасу, па вашых словах, будуць у акружных выбарчых камісіях. Там галасы не лічаць – можа, лепш іх ва ўчастковыя камісіі ўвесці?

Лідзія Ярмошына: Я думала над гэтым… Разумееце, ва ўчастковых камісіях у сябра камісіі з дарадчым голасам няма паўнамоцтваў. Ён, па сутнасці, можа выконваць толькі функцыі назіральніка. Але назіральнік альбо давераная асоба і так прысутнічаюць. А вось у акруговых камісіях яны рэальна валодаюць паўнамоцтвамі, бо бяруць удзел у дыскусіі і ў самім працэсе падвядзення вынікаў выбараў. І могуць паўплываць неяк на працу камісіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі