Са жніўня праз Беларусь і Польшчу ў Германію дабралася больш за 6 тыс. мігрантаў

Паліцэйскі суправаджае мігрантаў у лагеры ў Айзенхютэнштаце / Reuters​
Паліцэйскі суправаджае мігрантаў у лагеры ў Айзенхютэнштаце / Reuters​

У Германіі назіраецца "лавінападобны рост" колькасці нелегальных мігрантаў, якія трапляюць у краіну праз Беларусь і Польшчу, піша Deutsche Welle. Са жніўня гэтым шляхам у краіну незаконна пранікла каля 6200 чалавек.

З кожным месяцам паток павялічваецца. Калі ў жніўні на нямецка-польскай мяжы былі выяўленыя 474 мігранты, якія незаконна прыбылі ў Германію праз Беларусь, то ў верасні — ужо 1903. Да 21 кастрычніка лік нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў гэтым годзе ў Германію па беларускім маршруце, склала 6162 чалавекі.

У цяперашні час нелегальныя мігранты знаходзяцца ў лагеры ў Айзенхютэнштаце. У лагеры мігрантам робяць тэст на каранавірус, забяспечваюць харчаваннем і прадметамі першай неабходнасці. Тут яны таксама праходзяць праверку. Аднак у лістападзе іх пачнуць размяркоўваць па федэральных землях. Пра гэта расказаў у панядзелак афіцыйны прадстаўнік упраўлення федэральнай паліцыі Берліна. 

Напярэдадні стала вядома, што нямецкая паліцыя правяла аперацыю супраць мясцовых неанацыстаў, якія накіроўваліся на мяжу Германіі з Польшчай "спыняць мігрантаў". Яны былі ўзброеныя дубінкамі і мачэтэ.

На мінулым тыдні міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас назваў Аляксандра Лукашэнку кіраўніком дзяржаўнай сеткі кантрабанды нелегальных мігрантаў у краіны Еўрасаюза. Маас таксама прапанаваў увесці санкцыі ў дачыненні да авіяперавозчыкаў, якія зарабляюць на транзіце мігрантаў у Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі