Вы тут

У ЕС Лукашэнку назвалі "кіраўніком сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў"

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Аляксандра Лукашэнку назвалі "кіраўніком дзяржаўнай сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў". Такую заяву 18 кастрычніка зрабіў кіраўнік МЗС Германіі Хайка Маас. Ён не выключыў магчымасць увядзення санкцый супраць авіякампаній, якія перавозяць мігрантаў у Беларусь, і якія пасля спрабуюць нелегальна трапіць у краіны ЕС. Па словах міністра, Лукашэнка "выкарыстоўвае ўцекачоў як сродак аказання ціску на еўрапейскія дзяржавы", паведамляе ТАСС.

Маас абвінаваціў улады Беларусі ў "падаўленні апазіцыі і парушэннях правоў чалавека" і назваў "драматычнай" палітычную сітуацыю ў нашай краіне.

У панядзелак у Люксембургу праходзіць саміт міністраў замежных спраў краін ЕС. На ім абмяркоўваецца ўзмацненне санкцый у дачыненні афіцыйнага Мінска.

А кіраўнік МЗС Латвіі Эдгар Рынкевіч перад пачаткам пасяджэння заявіў, што ЕС трэба ўзмацніць санкцыі супраць беларускай авіякампаніі "Белавія": "Каб яна не магла атрымліваць нейкую дапамогу". Рынкевіч падкрэсліў, што "Лукашэнка па-ранейшаму працягвае выкарыстоўваць міграцыю ў якасці гібрыднай зброі". Санкцыі могуць чакаць і "турыстычныя кампаніі, якія арганізуюць пералёты [мігрантаў у Беларусь]".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.