Вы тут

Робаты і кіламетры правадоў: як беларусы вырабляюць цягнікі для ўсяго свету

Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

20 сакавіка швейцарская кампанія Stadler, якая прыйшла ў Беларусь усяго шэсць гадоў таму, прэзентавала першы цягнік для мінскага метро. Але прэзентацыяй усё не скончылася — журналістам паказалі, што знаходзіцца за дзвярыма вялікіх ангараў, і распавялі, як будуецца сучасны цягнік.

Завод знаходзіцца ў Фаніпалі, невялічкім горадзе ў 24 кіламетрах ад Мінска. На вытворчай плошчы памерам 35000 квадратных метраў працуе больш за 600 супрацоўнікаў.

Робаты з’яўляюцца неад’емнай часткай першага этапу вытворчасці — стварэння кузава. Машыны пад наглядам людзей выразаюць дэталі корпуса будучага цягніка і займаюцца зваркай. Задача супрацоўнікаў — праводзіць замеры і рабіць кропкавую працу ў залежнасці ад мадэлі будучага саставу.

Сабраны кузаў вагона, яго перасоўваюць у фарбавальны цэх, дзе робяць любую афарбоўку — ад стандартнай да ўнікальнай дызайнерскай. Непасрэдна фарбавальная камера ўражвае сваімі памерамі, а кіраўнік Stadler Minsk Філіп Брунэр дадае, што гэта самая вялікая камера сярод усіх камер швейцарскай кампаніі ў свеце.

Пасля фарбавальнай камеры вагон трапляе ў зборачны цэх. Тут самы вялікі аб’ём працы. Дзясяткі і нават сотні супрацоўнікаў займаюцца ўстаноўкай абсталявання, праводзяць кіламетры правадоў, наладжваюць механізмы і рыхтуюць цягнік да вялікай дарогі.

На апошнім этапе цягнікі трапляюць у вялікае памяшканне, дзе праводзіцца праверка працы ўсіх сістэм і тэсты. Пасля гэтага ўжо гатовы цягнік выязджае на тэставы палігон і чакае адпраўкі ў краіну свайго прызначэння. Менавіта тут можна ўбачыць, як у адным цэху знаходзяцца цягнік для Азербайджана, трамвай для Санкт-Пецярбурга, хуткасны састаў для Нарвегіі і цягнік для мінскага метро.