"Рэйкавым партызанам" з Мазыра прысудзілі 14 і 16 гадоў
![Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч на судзе / gp.by](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/mazyr-0802-1_0.jpg.webp?itok=c5V-GU0r)
Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч на судзе / gp.by
Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу мазырскіх "рэйкавых партызанаў". Сяргею Плешкуну прысудзілі 16 гадоў калоніі, Юрыю Сельвічу — 14 гадоў, перадае Радыё "Свабода".
34-гадовага Плешкуна і 45-гадовага Сельвіча затрымалі ў сакавіку 2022 года. У гаражы аднаго яны абмяркоўвалі магчымасці зрабіць дыверсію, каб перашкодзіць руху расійскай вайсковай тэхнікі па чыгунцы. З тэлесюжэта БТ вынікала, што за імі сачыла КДБ і вяло схаваныя здымкі. У іх нібыта знайшлі кампаненты для "кактэйля Молатава" і нейкі піратэхнічны выраб.
Таксама ў віну ім паставілі графіці і надпісы на плоце каля аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёна.
Мужчын абвінавацілі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
ч. 2 арт.295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў);
ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму);
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін);
арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці);
ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
ч. 1 арт. 361 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Суд над імі ішоў з 6 снежня 2022 года.
"Рэйкавым партызанам" у Беларусі, як правіла, прызначаюць вялікія тэрміны пакарання. Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі калені, асудзілі на 13 гадоў. На вялізныя тэрміны асудзілі жыхароў Светлагорска: Дзяніса Дзікуна — на 23 гады, Дзмітрыя Равіча — на 22 гады, Алега Малчанава — на 21 год зняволення.
!["Рэйкавым партызанам" з Мазыра прысудзілі 14 і 16 гадоў](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/mazyr-0802-2.jpg.webp?itok=xdRBRIf3)
Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч на судзе / gp.by
!["Рэйкавым партызанам" з Мазыра прысудзілі 14 і 16 гадоў](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/mazyr-0802-3_0.jpg.webp?itok=kafbinSd)
Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч на судзе / gp.by
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.