Жонка мінскага “стралка”: Яго скруцілі, ён вырваўся, паляцелі кулі

Жонка Мікалая П., які паводле афіцыйнай версіі застрэліў міліцыянера, а потым скончыў жыццё самагубствам, — адзіная неміліцэйская сведка трагедыі. Знаходзім яе ўвечары пасля крэмацыі мужавага цела. Напачатку жанчына баялася, але ў выніку пагадзілася размаўляць.

Жонка Мікалая П.: "Калі прыехала міліцыя, ён быў на вуліцы, падышоў: “Рабяты, што вы хочаце?” А яны кажуць: “Вось, нам сказалі, што ў вас ёсць зброя”. Ён кажа: “Божа, якая зброя? Я што, злачынца, тэрарыст, я кагосьці забіў ці я шызафрэнік? Рабяты, вы што?” Яны яму на маіх вачах скруцілі рукі… Ён кажа: “Што вы робіце?” А я думаю: за што яго збіваць? Ён не пітушчы, прыстойны, інтэлігентны чалавек. Яму 59 гадоў. А гэтыя два, што яго скручваюць, маладыя. Адзін здаровы такі… А я толькі прыйшла з працы. Выйшла на двор, была ў халаце лёгкім і адных шкарпэтках. Вырашыла хутка пайсці ў хату, накінуць на сябе куртку, надзець нейкія шлёпкі.

У гэты час ён, відаць, захацеў вырвацца, пабегчы схавацца ў гараж. І пачалася страляніна, паляцелі кулі. Я з перапуду ўскочыла ў пакой, і што далей адбывалася — нічога не бачыла, нічога не ведаю".

Еўрарадыё: Ці бачылі вы, хто пачаў страляць першым?

Жонка Мікалая П.: "Я нічога не магу сказаць, я нічога не бачыла. Толькі скажу адно: калі ішла мая суседка з працы, гараж быў адкрыты. Падумала: чаму ў Колі так шмат народу? Яна і зайшла ў гараж: ён ляжыць, распрануты да пояса. У яго куля ў спіне, дзве кулі ў жываце і ўвесь твар размажджэраны. Яна стала: “Людзі, мілыя, што ж вы зрабілі з чалавекам?”

Еўрарадыё: Адкуль у хаце была зброя, патроны, порах, кнігі па стралковай зброі?

Жонка Мікалая П.: "Я ніколі гэтага нічога не бачыла. У гараж асабіста я не заходзіла.

На вобшуку была поўная хата людзей. Выкідалі рэчы з усіх пакояў, усіх шафаў, падымалі канапы, усё варочалі. Я прашу: “Калі ласка, акуратней”. Праўда, потым яны сталі больш культурнымі. Я з хаты не выходзіла, нічога не бачыла".

Еўрарадыё: На некаторых сайтах змяшчалі інфармацыю, што муж увесь час страляў па сабаках і катах, што вы — разам не жывяце...

Жонка Мікалая П.: "Што вы! Першага сакавіка было б 39 гадоў, як мы разам. Добры бацька, муж, дзядуля. Чалавек не піў, не курыў, верыў у Бога. Ніколі ў жыцці нікому не адмовіў. Ён быў, як хуткая дапамога, па любым званку ехаў. У людзей хата згарэла — выходзіў і працаваў, без грошай, бо людзі пацярпелі. У людзей на дарозе машына зламалася: “Юр’евіч, мы па цябе прыедзем” — “Няма пытанняў, канешне, халодна ж, мароз…” (у гэты момант да жонкі Мікалая П. нехта падышоў. Нешта эмацыйна шапталі. На гэтым гутарка скончылася).

Нагадаем, надзвычайнае здарэнне адбылося ў Мінску на вуліцы Машыністаў 8-га студзеня. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, нарад міліцыі прыехаў на выклік: мужчына (Мікалай П.) страляў па сабаку. Супрацоўнікі міліцыі, нягледзячы на такую інфармацыю, былі без бронекамізэлек. Размова дайшла да стральбы. Маёр атрымаў раненне, прапаршчык Іванчык загінуў. Мікалай П. скончыў жыццё самагубствам у гаражы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі