Якія грошы атрымалі пацярпелыя ад тэракту ў метро?

— Нешта я яе сёння не бачыла. Можа яна захварэла ці ў адгуле.

 

— Я спрабаваў датэлефанавацца і ў пятніцу, і ў чацвер...

 

— Яны зараз рыхтуюцца да конкурсу на лепшую сям'ю года.

Еўрарадыё спрабуе датэлефанавацца сакратару камісіі па дапамозе пацярпелым ад тэракта ў мінскім метро Наталлі Вяртынскай... на працягу некалькіх дзён, каб даведацца, якую дапамогу аказвае камісія сёння. Але няўдала. У камітэце па сацыяльнай дапамозе Мінгарвыканкама кажуць, што "ўсім аказалі ўжо, хто звяртаўся. Калі дапамога аказваецца, засядае камісія. Больш ніхто не звяртаўся".

Звяртаемся да пацярпелых. Многія бясплатна з'ездзілі ў санаторый сёлета. Андрэю Тышкевічу дапамаглі з ільготным крэдытам на жыллё. Наступствы траўмаў нагадваюць пра сябе і цяпер. Андрэй ужо даўно працуе.

"Аскепкі выходзяць да гэтага часу з ног. Перыядычна тэмпература падымаецца, выйшаў — і ўсё нармалізуецца. Ездзіў у санаторый "Радон" у канцы траўня на 18 дзён".

Людміла Жэчка, акрамя першай матэрыяльнай дапамогі, больш нічога не атрымоўвала, але і не просіць:

"Калі стаяць з працягнутай рукой, то, напэўна, у яе пакладуць. Калі б я прасіла, я так мяркую, што, напэўна, не адмовілі б".

Але ж, не прасіўшы дапамогі, яе атрымалі многія пацярпелыя. Самвел Саакян з групай іншых пацярпелых ездзіў адпачываць у санаторый летам.

"Я ведаю, што некаторыя ў 2011 адпачывалі. Я выбраў у 2012. Адпачывалі летам. Вельмі цікава, культурная праграма добрая. І самае галоўнае, што людзі нашы ветлівыя".

Яраслаў Пясецкі нечакана атрымаў на рахунак… 164 мільёны на лекаванне, рэабілітацыю і пратэзаванне. Гэта было год таму. Маці Наталля гаворыць, што пра гэтыя грошы выпадкова даведалася, калі паглядзела на рахунак:

"Выявілі на сваім рахунку вялікія грошы ў канцы жніўня. І мы напалохаліся, не ведалі, адкуль яны. А потым у друку напісалі, што выдаюць такую дапамогу. Горад са сродкаў, сабраных людзьмі. Якраз надышоў час, калі цяжка параненыя атрымалі групы інваліднасці".

Гэта сталася сюрпрызам, бо загадзя ніхто не паведаміў, што грошы прыйдуць. Ды і сама Наталля ў камісію не звярталася. Тады ж атрымала грошы і Вікторыя Прыліпка. Цяпер Вікторыі тэлефанавалі, прапаноўвалі з'ездзіць у санаторый, распавядае яе муж Міхаіл.

"Нешта званілі, прапаноўвалі. Проста нам траўмамі трэба займацца ўзмоцнена і не да санаторыяў".

Але ж амаль ніхто не выходзіў на камісію самастойна. І Еўрарадыё так і не атрымалася пагутарыць з сакратаром. Між іншым, на прэс-канферэнцыі 4 ліпеня начальніца ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Мінгарвыканкама Галіна Грыб кажа, што "будуць падрыхтаваныя дакументы, каб выплаты для членаў сем'яў загінулых і пацярпелым працягнуць, калі яны ў гэтым будуць мець патрэбу".

Фота: Reuters published by drugoi.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі