У судзе над Варламавым пацярпелыя адмаўляюцца ад грошай

130215_martin_varlamov.mp3

Сёмы дзень суда над мадэльерам Сашам Варламавым. Людзі ў судовай залі, за выключэннем сваякоў і журналістаў — гэта пацярпелыя. Варламаў выглядае стомленым, каб стаяць, ён то прыхіляецца да сцяны, то трымаецца за пруты клеткі.

Пацярпелыя, якіх распытваюць пра паездкі з Варламавым за мяжу не лічаць сябе пацярпелымі і кажуць пра некарэктныя паводзіны следства. Прынамсі пра гэта гаворыць пацярпелая Ганчар.

“Следчы, які мяне дапытваў паводзіў сябе некарэктна. Некалькі разоў задаваў адно і тое ж пытанне. Ён казаў, што усе хочуць, каб ім вярнулі грошы, чаму тады я не хачу”, - кажа пацярпелая.

І дадае, што на 3-ай гадзіне допыту яна ледзь не расплакалася.

Мадэль ездзіла разам з “Млынам моды” у Швецыю і Нямеччыну. Паводле следства, Варламаў не заплаціў ёй 222 еўра сутачных. Але на судзе яна не мае прэтэнзій да Варламава і не хоча, каб грошы ёй вярнулі.

Раптам Варламаву становіцца блага, але ён не хоча спыняць працэс.

“Мне сказалі, што трэба быць мужчынам. А таблетак я ужо шмат выпіў. Калі будзе зусім дрэнна, я скажу”, — адказвае мадэльер і пасяджэнне працягваецца.

Кацярына Салаўёва, якую дапытваюць наступнай, ездзіла з Варламавым у Германію як дызайнер. Сутачныя яна не атрымлівала і не ведала, што яны выдзяляліся. Паводле следства, Варламаў падмануў яе не заплаціўшы 200 еўра, але прэтэнзій дызайнерка не мае.

Кацярына Салаўёва: “Калі заканадаўча, то мяне падманулі. Але я разумела, што гэтыя грошы пайшлі на паездку. І я не заяўляла аб матэрыяльных прэтэнзіях. На допыце я заяўляла аб тым, што не маю матэрыяльных прэтэнзій”.

Але ў зачытаным пратаколе допыту, гаворыцца аб матэрыяльных прэтэнзіях Кацярыны Салаўёвай. Дызайнерка адказвае на гэта проста: “Значыць, я не бачыла апошнюю фразу. Дзе замест “так” павінна быць “не””.

Ірына, якую дапытваюць наступнай, ездзіла ў некалькі паездак за мяжу разам з дачкой, якая ўдзельнічала ў “Млыне моды”. Яе, нібы, падманулі больш, чым на тысячу еўра сутачных. Але жанчына не мае фінансавых прэтэнзій і не збіраецца вяртаць гэтыя грошы.

Пакуль дапытваюць пацярпелых, Варламаў уважліва слухае і задае пытанні пра сваю ролю ў паездках. Паводле адказаў пацярпелых, ён выконваў ролю, хутчэй, мастацкага кіраўніка, а не адміністратара. І не займаўся грошамі і дакументамі. Задаваць пытанні ён намагаецца стоячы, хоць гэта і даецца з цяжкасцю.

Адразу пасля допыту пацярпелыя пакідаюць залу суда. У выніку застаюцца толькі два журналісты і дзве сястры мадэльера.

Усяго, на сёмы дзень працэсу суд апытаў больш за дзесяць пацярпелых. Працэс працягнецца 18 лютага аб 11 гадзіне. Мадэльера вінавацяць у злачынствах па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. У турме ён знаходзіцца з траўня 2011 года.

Фота - Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі