Ці рэальна спрасціць візавы рэжым?

У заключэннях па Беларусі 23 сакавіка Савет ЕС фактычна вінаваціць беларускія ўлады ў нежаданні спрасціць візавы рэжым і ў зацягванні часу з перамовамі па гэтым пытанні:

"ЕС вельмі шкадуе аб неканструктыўнай пазіцыі беларускіх уладаў, якія пакідаюць без адказу накіраваны ў чэрвені 2011 г. ліст аб запрашэнні пачаць перамовы".

Пакуль жа фармальнага адказу на ліст Еўракамісіі няма, Савет ЕС заахвочвае асобныя краіны прадстаўляць візавыя льготы розным катэгорыям грамадзян.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных яшчэ 29 лютага патлумачыў парталу tut.by, што з дамовай пра рэадмісію не ўсё так проста. Беларускі МЗС баіцца хвалі нелегальных мігрантаў, якая пагражае Беларусі. Калі нелегалы ў ЕС скажуць, што прыбылі з нашай краіны, іх могуць выслаць назад.

Андрэй Савіных: "Гэта можа значыць, што на нашай тэрыторыі ў пэўнай сітуацыі будуць збірацца тысячы, калі не дзясяткі тысяч такіх нелегальных мігрантаў. Прычым мы будзем абавязаныя іх апрануць і ўтрымліваць. У нас няма такіх сродкаў, ні ў бюджэце, нідзе".

А таму ў Беларусі ёсць два выхады, але яны патрабуюць часу, працягвае Андрэй Савіных:

"Мы можам гэта зрабіць ці ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, ці спярша падпісаць пагадненне з усімі іншымі краінамі, а пасля выйсці на перамовы з ЕС".

Тым часам беларускія апазіцыйныя палітыкі даўно заклікаюць ЕС у аднабаковым парадку спрасціць візавы рэжым для беларускіх грамадзян. Некалькі дзён таму Станіслаў Шушкевіч падчас круглага стала ў Сейме Літвы выступіў з наступным зваротам:

“Зрабіце бясплатнымі візы ў шэнгенскую зону для моладзі Беларусі! Каб студэнт не эканоміў цэлы год і не плаціў 60 еўра, каб з’ездзіць адзін раз за мяжу, а каб у любы момант мог паехаць да вас — гэта будзе самай дзейснай санкцыяй!”

Бясплатныя шэнгенскія візы для беларусаў — самы моцны інструмент, што застаецца ў руках Еўрасаюза, лічыць польскі навуковец Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі, які працуе на кафедры тэорыі знешняй палітыкі і бяспекі ўніверсітэта горада Лодзь. Але зараз Еўрасаюз на гэта не пойдзе, тлумачыць эксперт.

Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі: "Але ў цяперашняй сітуацыі, у цяперашніх настроях, прынамсі з гэтага тыдня, калі ў Францыі дайшло да забойстваў, здзейсненых эмігрантам, — гэта ўзбуджае антыэмігранцкія настроі. А ў краінах мэтавай іміграцыі — а гэта старыя багатыя краіны Еўрасаюза: Нямеччына, Францыя, Швецыя, Аўстрыя, краіны Бенілюксу — антыэмігранцкія настроі электарату моцныя настолькі, што палітыкі пад ціскам сваіх выбаршчыкаў не пагодзяцца на істотную лібералізацыю візавай сістэмы".

Паводле слоў польскага эксперта, аргументаў прадстаўнікоў Польшчы на карысць бясплатных віз для беларусаў у Заходняй Еўропе не слухаюць. Такія прапановы звычайна выклікаюць абурэнне і вострую крытыку.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі