The Toobes атрымалі прызоў на 15 тысяч еўра

The Toobes “парвалі” чарговы польскі фэст і выйгралі прызоў на агульную суму ў 50 тысяч злотых (каля 15 тысяч еўра). Гэтым разам беларускаму трыа скарыўся KortoFest, які прайшоў на выходных у Ольштыне.

“Нарэшце нас пачалі разумець і цаніць. Я пра тое, што гэта вялікі пачатак – яшчэ адзін вялікі пачатак”, - кажа бас-гітарыст гурта Стас Мурашка.

Сярод надзвычай моцных фіналістаў, журы аднагалосна прызначыла перамогу за “Тубсамі”: маўляў, “фантастычная энергетыка і сенсацыйная музыка гурта ў патэнцыяле можа мець сусветную вядомасць”.

У выніку перамогі The Toobes маюць 20 тысяч злотых на запіс паўнавартаснага студыйнага альбома на “Studio-X”, якая з’яўляецца афіцыйным спонсарам фэсту. Астатнія 25 тысяч, апроч 5-ці, што музыкі атрымалі на рукі, пойдуць на здымкі новага кліпа гурта, рэкламную кампанію і польскі прома-тур. Самі хлопцы пакуль думаюць наконт таго, што за альбом запісаць у польскай студыі.

“Нашы альбомы – першы і другі выдадзеныя неафіцыйна. І ёсць ідэя, ўзяць самыя моцныя рэчы з гэтых альбомаў, плюс рэчы, якія ў нас зараз з’явіліся - яны ўжо амаль запісаныя, і зрабіць альбом для Польшчы”, - дзеліцца планамі бубнач гурта Стас Ламакін.

Спачываць на лаўрах “Тубсы” не збіраюцца: ужо на пачатку чэрвеня беларускія рокеры бяруць удзел у фестывалі ў польскім Шчэціне.

Фота: http://www.facebook.com/festkortofest