Падчас Belarus Fashion Week мадэльер прысвяціла калекцыю Варламаву (ФОТА)

Людміла
Лабкова
вырашыла скарыстацца магчымасцю падчас паказу сваёй калекцыі на BFW,
абураная сітуацыяй, якая склалася вакол мадэльера.

Людміла
Лабкова:
BFW – гэта адзіны момант, які дазваляў гучна выказаць сваё меркаванне
на гэты конт. Я лічу, што Саша варты таго, каб яму прысвяціць калекцыю. Я
вельмі паважаю гэтага чалавека. Добра ведаю ўсю сістэму “Млына моды”.
Адпрацаваўшы ў ёй больш за 7 гадоў магу сказаць, што лічу сённяшнюю сітуацыю
вельмі несправядлівай”.


Тым
часам, большасць калег Сашы Варламава палічылі за лепшае адмаўчацца. Свой
учынак асаблівым Людміла не лічыць:

“У
прынцыпе, уся сістэма ў нашай краіне пабудавана на страху. Я не баюся сказаць
пра гэта. Гэта асабістая справа кожнага – маўчаць ці гаварыць. Я заўжды
выказвала сваё меркаванне і з той жа смеласцю магу адказаць любому прадстаўніку
дзяржорганаў пра тое, што я маю права сказаць сваё “Фе” гэтай сітуацыі”.

Апошнім
часам менавіта Людміла была вядучым дызайнерам самага вядомага праекту
Варламава “Млын моды”. Дызайнер супрацоўнічала з Варламавым сем гадоў, з якіх
тры апошнія працавала над праектамі для фінальнага выхаду на “Млыне моды”.

“Млын
моды” Варламаў
распачаў 20 гадоў таму. Ідэяй праекту стала падтрымка маладых
дызайнераў і таленавітых мадэль’ераў. Удзельнікаў “Млына” Варламаў асабіста
адбіраў сярод маладых дызайнераў і студэнтаў у паездках па навучальных установах
краіны. З Людмілай Лабковай ён некалі пазнаёміўся падчас “эскізнага туру” для
студэнтаў Акадэміі мастацтваў. З першага разу Людміла трапіла на паказ у
Берлін.

Людміла
зараз збірае подпісы супраць абвінавачвання Сашы Варламава. Дызайнер кажа, што
добра ведае сітуацыю знутры і ўпэўненая – ён перайшоў камусьці дарогу.

Людміла
Лабкова:
“Я нямала працавала з дзяржструктурамі, у тым ліку, з тэлебачаннем і
непасрэдна з адміністрацыяй прэзідэнта. І магу сказаць, што грашовыя пытанні ў
гэтых структурах вырашаюцца вельмі цяжка. А калі адказваеш за цэлы натоўп
народу – трэба ўмець вар’іраваць. Я адпрацавала з ім шмат гадоў і прэтэнзій не
маю. Мы ўжо напісалі лісты-хадайніцтвы. На жаль, амаль усе, хто з ім працаваў і
хто з ім сябраваў, далей размоваў і абурэнняў на ўласнай кухні не пайшлі”.


Як
даведалася Еўрарадыё, на паказе прысутнічала сястра Аляксандра Варламава, Рыма Шымчонак:

“Мяне
запрасілі. І я бачыла гэту калекцыю. Мне вельмі спадабалася”.

Па
меркаванні Людмілы, няма Сашы, няма праекту “Млына моды”. Сама Людміла
адмовілася браць удзел у будучых праектах “Млына”, бо лічыць, што трымаць
фестываль на такім жа ўзроўні не атрымаецца:

“Чалавек
проста араў, каб усё гэта стварыць. А праект ідзе ў нікуды. “Млын” проста
знік”.


Выратаваць
фестываль Варламава маглі б удзельнікі былой каманды мадэльера. Але, на жаль,
каманда разбеглася, зараз працуе над іншымі праектамі.

Людміла
Лабкова:
“Каб вазіць людзей кудысьці за мяжу – трэба добра разумець, што ты
робіш. Для маладых дызайнераў, студэнтаў шыць конкурсную калекцыю – не танна. А
шыць яе, не ведаючы нават, што з гэтага атрымаецца, ніхто не будзе”.

Фота: http://www.bfw.by