На “Бульфэст International” выступяць 2Morrow2Late ды Re1ikt

Некалі паспяховы штосезонны фестываль “Бульфэст” сёлета змяніў фармат, пераўтварыўшыся ў конкурс маладых музыкаў. Вынікам адбору стане ўдзел у вялікім веснавым канцэрце разам з двума хэдлайнерамі еўрапейскага ўзроўню.

“Мы высветлілі, што ёсць заўважны фітбэк і ёсць магчымасць папрацаваць з нашай мэтавай аўдыторыяй, - тлумачыць змены ў фестывалі яго мастацкі кіраўнік Зміцер Бейнард-Саладуха падчас фінальнага этапу адбору. – Нам цікава, як адрэагуе наш глядач на нашыя прапановы, таму і абвясцілі конкурс. У выніку да сённяшняга вечару дайшлі тыя, каго абраў інтэрнэт. То бок, фармат фэсту не змяніўся, ён проста пашырыўся, у ім цяпер заўважны ўплыў ад нашых гледачоў”.

Re1ikt

U.G.Oslavia

У фінале адбору выступілі пяць калектываў Re1ikt, U.G.Oslavia, 2Morrow2Late, Stardust Circus ды “Амарока”. Першыя два гурты вельмі моцна задалі настрой фіналу, не гледзячы на абсалютна розную стылістыку і пастаянныя праблемы з тэхнікай, якія ўзнікалі падчас выступу U.G.Oslavia (то камбар зафаніць, то батарэйка ў мікрафоне сядзе). А вось далей успрымаць музыку стала больш складана, бо  2Morrow2Late ды Stardust Circus выкруцілі гук “да плешкі” і пачалі ўзрываць галовы прысутных.

“Яны на саўнд-чэку зусім па-іншаму гучалі, - абураецца на курылцы сябра журы ды адзін з заснавальнікаў праекту Аляксандр Астроўскі. – Не дрэнна ж хлопцы граюць, але такая гучнасць абсалютна не для Doodah King Bar”.

Журы амаль усім складам схавалася на ўваходзе ў “пенал” клуба, каб далей ад сцэны, каб было цішэй… відаць сталасць спрацавала, бо на прыхільнікаў гуртоў гучнасць не паўплывала ніяк, а можа наадварот дадала драйву, яны скакалі, спявалі, адрываліся што шалёныя.

Аляксандр Астроўскі

2Morrow2Late

Stardust Circus


Шкада толькі, што адразу пасля Stardust Circus клуб пачаў рэзка пусцець, “Амароку” пад сцэнай слухалі ўжо адзінкі, але не менш адданыя.

Кожны наведвальнік адборачнага тура “Бульфэста” на ўваходзе атрымліваў своеасаблівы бюлетэнь, на якім насупраць кожнага гурта мусіў праставіць балы ад аднаго да дзесяці. Гэтыя бюлетэні апускаліся ў адмысловую скрыню на выхадзе. Падлік галасоў, як і на выбарах, праходзіў ноччу і ўжо на наступны дзень стала вядома, што 1 сакавіка з хэдлайнерамі “еўрапейскага ўзроўню” выступяць 2Morrow2Late ды Re1ikt, пераможцам у спіну дыхаў Stardust Circus, але крыху не дацягнуў.

"Амарока"

Дарэчы, “Бульфэст International” пройдзе ў клубе Re:Public, а вось далей, магчыма, пачне выходзіць і за клубныя сцены.

“Мы хацелі б зрабіць оўпэнэйр гэтым летам, - прызнаецца Зміцер. – Але паглядзім што будзе ў краіне, што будзе з грашыма, што будзе з настроем, што будзе ўвогуле, бо 21 снежня пакуль не мінула, а таму ці варта замахвацца на оўпэнэйр? Так што мы плануем, але пазней, думаю, на пачатку лета”.

Новы, конкурсны фармат “Бульфэста”, таксама не факт, што захаваецца. Зміцер прызнаўся, што яны гатовыя да эксперыментаў і, калі з’явіцца годная ідэя, наступны падыход да фестывалю можа быць зусім іншым.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі