Мінчукі будуць адстойваць Севастопальскі сквер праз рэферэндум?

111128 Luka6uk Skver.mp3

Насуперак папярэджанню міліцыі, жыхары сабраліся на “несанкцыянаваны” сход у абарону Севастопальскага сквера. Як тлумачыць Еўрарадыё адзін з абаронцаў сквера Віктар Янчурэвіч, яны даўно спрабуюць весці са сталічнымі ўладамі дыялог аб неабходнасці захавання Севастопальскага сквера некранутым. Безвынікова.

Віктар Янчурэвіч: “Я гляджу на генплан развіцця горада Мінска і бачу, што там намалявана дарога праз Севастопальскі парк, якая павінна з’явіцца да 30 года. Я ведаю, што ёсць “Дэталёвы план рэканструкцыі Севастопальскага сквера”, які прадугледжвае  будаўніцтва тут рэстаранаў, парковак, грамадскай прыбіральні. Гэта прывядзе да знішчэння дрэваў. Апроч таго, тут пабудуюць і жылыя дамы”.




Гэтыя словы выклікаюць абурэнне мясцовых жыхароў. Валянціна Козмер ўзгадвае, як сваімі рукамі ў вольны час ператварала будаўнічы сметнік у зялёную зону.

Валянціна Козмер: “Гэта мы, жыхары гэтага раёна, выйшлі у 74 годзе, супрацоўнікі “Беларусьфільма”, Сельскагасгаспадарчага інстытута, завода №32 і падчас суботнікаў усё гэта вывезлі, прывезлі добрай зямлі. Хто мае права ў нас гэта адняць?! Гэта наша! Ніхто не мае права гэта ў нас забіраць!”

І адразу знаходзіць месца тым, хто вельмі хоча нешта пабудаваць у гэтым раёне.

Валянціна Козмер: “Вось, стаіць тут побач завод жалезабетонны, раствор там робяць і гэтак далей. Навошта такі завод нам тут, у гэтым месцы? Вось, той, хто хоча пабудаваць тут дамы, прыбярэ гэты завод далёка за межы горада, аплаціць гэта, і зойме тое месца – там можна пабудаваць дом!”




У гэтым скверы знаходзіцца каля дзесятка свідравін артэзіянскай вады, якая ішла наўпрост у кватэры мясцовых жыхароў. Але ўжо колькі гадоў, як якасць вады, як кажуць людзі, пагоршылася. І ўсё з-за таго, сцвярджае Валянціна Шалейнікава, што свідравіны тут не працуюць. Хоць чыноўнікі і настойваюць на адваротным.

Валянціна Шалейнікава: “У мяне ёсць дакументы, доказы таго, што свідравіны тут бяздзейнічаюць даўно. А якую мы ваду п’ем, мы не ведаем. “Мінскводаканал” увогуле не адказвае на нашы пытанні. Заяўляю ўсім афіцыйна, што ніводная са свідравін не працуе з 2006 года”.




У выніку Віктар Янчурэвіч прапаноўвае стварыць ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндуму сярод жыхароў Першамайскага раёна Мінска. Галоўныя пытанні рэферэндуму: захаванне Севастопальскага сквера ў цяперашнім межах і аднаўленне працы ўсіх свідравін.



Жыхар аднаго з бліжэйшых да сквера дамоў Алесь Валожын упэўнены, што людзі гэтую ініцыятыву падтрымаюць.

Алесь Валожын: “Людзі адгукнуцца. Трэба ім толькі не пра высокія матэрыі казаць, а проста запытацца: “Што вы будзеце заўтра піць, людзі?” Зараз мы п’ем, як кажуць чыноўнікі, артэзіянскую ваду. Але праз 3-5 гадоў, пасля таго, як гэта будаўніцтва ў скверы будзе завершанае, мы будзем піць ваду з ракі. У якую будуць кідаць хлорку, каб мы не патруціліся”.

У ініцыятыўную групу жыхары павінны абраць 50 чалавек. Пасля чаго гэтая група па правядзенні рэферэндуму рэгіструецца ў Цэнтравыбаркаме і пачынае збіраць подпісы за правядзенне рэферэндуму. Па законе, каб задуманае ажыццявілася, неабходна сабраць подпісы 10% мясцовых жыхароў. Падчас нядзельнага сходу неабходных 50 чалавек у групу назбіраць не атрымалася. Таму правядуць яшчэ некалькі сходаў у іншых мікрараёнах.



Дарэчы, за некалькі дзён да сходу Віктар Янчурэвіч атрымаў папярэджанне ад супрацоўнікаў Першамайскага РАУС наконт адказнасці за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства. Але цягам сходу ніводнага міліцыянера побач не з’явілася. Яны прыехалі на двух машынах праз 10 хвілін пасля, калі людзі разыходзіліся. І яшчэ паспелі наўздагон загадаць пакінуць месца несанкцыянаванага мерапрыемства.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі