Бас-гітарыста “Крамбамбулі” затрымалі пасля правакацыі

Здарэнне адбылося ў клубе "Графіці", дзе Алесь-Францішак граў канцэрт са сваім джазавым бэндам.

Еўрарадыё: Алесь, раскажыце, калі ласка, што здарылася з вамі ўвечары?


Алесь-Францішак Мышкевіч: “Атрымалася камедыйнная сітуацыя. Накшталт такой, калі на вуліцы падыходзяць і хочуць да цябе дакалупацца. Пасля канцэрта ўчора ў “Графіці” падыйшоў чалавек і просіць – зайграй мне песню. Я кажу: "Я не граю, я не ў рэстаране, я не буду тут гэтага рабіць". Ну, карацей, ён падыходзіў разоў шэсць, а потым пытаецца: "А чаму ты па-беларуску? Ты што, з БНФ, ці што?" Ну, тут я разумею, чаго чалавек хоча і чаго дапытваецца. Я кажу: "Слухай, калі ты яшчэ раз да мяне падыйдзеш – стукну". Ну, ён падыйшоў, так здарылася, што я яго, мякка кажучы, піхнуў, але гэтага было дастаткова, каб прыехала міліцыя. Мяне проста ўзялі і павезлі. Я ззаду, ў гэтай будцы, а ён спераду. Ён едзе і ім распавядае: “Вось ён ходзіць, пляскае, а я за вас, я ваш, вы ведаеце, дзе я працую?” І паказвае паперку з Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Прыехалі мы на месца, і ў нас пачалі пытацца, у чым справа. Дык вось, хочацца мне сёння распавесці пра тое, што ёсць людзі, якія на любой працы застаюцца людзьмі. Што мы ўсё ж такі адзіны народ і адзін аднаго павінны разумець. Я маю на ўвазе, напрыклад, беларускамоўнага чалавека і прадстаўніка міліцыі. Адбылося такое: ён прыязжае і пачынае распавядаць нейкае глупства, як я хаджу ў далоні пляскаць. Міліцыянт у яго пытаеца: “А  ты што, актывіст партыі якой ці што?” Ён кажа: “Не”. А міліцыянт у адказ: “Слухай, ты што, мазгі свае адпіў?”

Еўрарадыё: Дык гэта быў супрацоўнік КДБ, праз якога цябе затрымалі?

 

Алесь-Францішак Мышкевіч: “Не, я не думаю, што гэта супрацоўнік КДБ. Ён малады чалавек. Ён мне проста казаў, чым і зачапіў: усе твае бел-чырвона-белыя даўно сядзяць у Літве, у Вільні, п’юць піўко без цябе, і што ты тут робіш?”. На мяне вось так. І міліцыянту кажа: “Я за вас, за вас”. А міліцыянт яму: “Ты будзеш пісаць заяву пра пабоі ці што?” Той кажа: “Не, ён мяне канешне за справу стукнуў”. А той яму: “Дык ты зусім мазгі адпіў, што ты гаворыш?” А той кажа: “Дык ён ходзіць у далоні пляскаць!”

Еўрарадыё: То бок, чалавек у сераду ўвечары ў клубе “Графіці” спрабаваў упэўніць міліцыянтаў у тым, каб вас затрымалі за тое, што вы пляскаеце на “маўклівых” акцыях?

Алесь-Францішак Мышкевіч: “Натуральна! А міліцыянт – яго Анатолій клічуць, у Цэнтральным РАУС, яму кажа: “Хочаш, я цябе ў камеру пасажу на суткі да зэкаў, цябе там і пляскаць навучаць і ўсё на свеце”. Дык ён замоўк, а пасля і кажа: “А цяпер я буду супраць вас”. То бок, такі чалавек няўрымслівы – ні ў той бок ні ў той. Усе пачалі смяяцца, кажуць – усё, прыбірайце яго. Яго павялі, мяркую, што ў камеру ці куды там. А мне сказалі: “Ну вы, Аляксандр Мікалаевіч, калі, прабачце, навоз бачыце, вы рукі суеце?” Я кажу: “Не!” – Ну дык а чаго ж вы зараз сунулі?”

Еўрарадыё: Яны пазналі вас? Вы з гітарай былі?

 

Алесь-Францішак Мышкевіч: “Так, я з канцэрта ішоў. Працоўная кніжка мая ў рэстаране “Госці”, я ішоў туды падрыхтавацца да заўтрашняй працы, гітару і рэчы пакінуць там”.

Еўрарадыё: Значыць уражанні ў вас засталіся станоўчыя ад праваахоўных органаў, якія разабраліся з сітуацыяй?

 

Алесь-Францішак Мышкевіч:  “Ведаеце, мне проста дзіўна было. Ну, як дзіўна… У наш час у мяне такі недавер да органаў і да ўсяго, але проста разумееш, што ёсць людзі і мы яшчэ адзін народ. І не патрэбна нас раздзяляць, як, напрыклад, раздзяляў гэты чалавек, які штурхаў мяне ўчора. Я лічу, што ўсе – адзін народ, і тыя, і трэція, і пятыя, няма іншых людзей. Ва ўсіх свае погляды, і чалавек павінен быць свабодным”.

Фота: shouldknow.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі