Новы сайт прэзідэнта распрацуе Інстытут прыкладных праграмных сістэм

“300 тысяч за сайт прэзідэнта — гэта не так і дорага.
Падобныя праекты ў іншых, нават суседніх краінах, каштуюць нашмат даражэй.
Насамрэч, гэта вялікі праект, які ўключае ў сябе цэлы комплекс праграмных,
інфармацыйных і апаратных сродкаў”,
— расказвае Еўрарадыё кіруючы партнёр
кампаніі “Астронім” Багдан Каравец.

130110_pilecki_sait.mp3

“Астронім” быў адной з кампаній, якой прапаноўвалі заняцца
працай над новым сайтам Лукашэнкі. Аднак умовы вядзення працы не падышлі, і
кампанія адмовілася. Па словах эксперта, сам сайт будзе каштаваць толькі 20-30%
ад усёй сумы. Рэшта — “нябачныя” звычайнаму воку рэчы. Бяспека, напрыклад.

Кампанія Багдана Караўца распрацоўвала сайты КДБ ды
Мінспорту. Але гэтыя рэсурсы каштавалі нашмат танней, бо ўяўляюць сабой
звычайную “дошку аб’яваў”.

Ёсць у байнэце і іншыя дзяржаўныя сайты, кошт якіх
параўнальныя з коштам новага сайта Лукашэнкі. Альбо нават пераўзыходзяць яго.

“Магчыма, гэта толькі праект “Электронная Беларусь”, які
каштаваў мільёны долараў. Альбо праект па пляцоўцы для онлайн-гандлю прадукцыяй
беларускіх прадпрыемстваў. Там кошты сувымерныя з гэтымі лічбамі. І гэта
нармальна”.

Той сайт кіраўніка Беларусі, які можна знайсці у сеціве
цяпер, быў распрацаваны ў 2004 годзе спецыялістамі кампаніі IBA. Пазней яго
значна перапрацавалі спецыялісты з БДУ і БелТА. Еўрарадыё паспрабавала
даведацца, хто ж выйграў тэндэр на новы сайт. Па інтэрнэце ўжо папаўзлі чуткі
пра тое, што ствараць яго будзе вядомая кампанія EPAM. Аднак там гэтую
інфармацыю абверглі.

Але хто шукае — той знойдзе. У перамозе ў тэндэры прызнаўся
дырэктар Інстытута прыкладных праграмных сістэм Уладзімір Стрыхарчук.
Расказваць падрабязнасці пра новы сайт пакуль адмовіўся. Маўляў, зараз гаварыць
пра яго рана — ідзе праца над усёй патрэбнай дакументацыяй.

Інстытут быў створаны яшчэ ў 1992 годзе для распрацоўкі
праграмнага забеспячэння для дзяржаўных установаў. На яго сайце (вельмі
сціплым, дарэчы) гаворыцца, што працуе ва ўстанове 110 чалавек.

Што атрымаецца з ідэі, абнавіць сайт кіраўніка краіны —
пабачым ўвесну. Прынамсі, калі верыць Мінсувязі.

 

“Магчыма, гэта толькі праект “Электронная Беларусь”, які каштаваў мільёны долараў. Альбо праект па пляцоўцы для онлайн-гандлю прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў. Там кошты сувымерныя з гэтымі лічбамі. І гэта нармальна”.