Асамблея НДА ўсё ж спадзяецца правесці кангрэс у ІВВ

Нагадаем, кангрэс Асамблеі НДА запланаваны на 5-6 траўня. У ім мусяць узяць удзел прадстаўнікі каля 200 арганізацый-сябраў Асамблеі. Аднак учора з'явілася інфармацыя, што арганізатарам не ўдалося дамовіцца з ІВВ.

Перамоўны працэс працягваецца і афіцыйнай адмовы ад ІВВ арганізатары кангрэса яшчэ не атрымлівалі. Пра гэта Еўрарадыё заявіў кіраўнік выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак:

“Пакуль што я не магу сказаць, што ў нас нейкая афіцыйная адмова ёсць на руках. Мы знаходзімся зараз у сітуацыі ўдакладнення пазіцый. Паколькі папярэдне я б хутчэй назваў тое, што прагучала нейкім непаразуменнем, над якім мы спрабуем зараз працаваць”.

Канчатковы вынік перамоў мусіць стаць вядомы да канца бягучага дня.

Па словах Лісічонка, технічная падрыхтоўка да кангрэсу працягваецца. На ім плануецца абраць новае кіраўніцтва, абмеркаваць стан грамадзянскай супольнасці, развіццё рэгіянальных ініцыятыў, мас-медыя, узаемадзеянне з палітычным сектарам ды іншыя пытанні.

За 15 год Асамблея тройчы спрабавала легалізавацца ў Беларусі, але Мінюст, з розных прычынаў, адмаўляў у рэгістрацыі. У ліпені 2011 года Асамблея была зарэгістраваная ў Літве.

На здымку: Вясной 2009-га форум Асамблеі НДА прайшоў менавіта ў IBB. Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі