Ахвяраў "Сэндзі" ў ЗША больш за 40 чалавек, ураган ідзе да Канады (фота)

Ад урагана "Сэндзі" загінулі каля 50 чалавек — такую лічбу падае тэлеканал Fox News. Мільёны жыхароў засталіся без электрычнасці і транспарту, мноства дамоў затопленыя ці разбураныя, перадае ВВС.

У Нью-Ёрку рэкордна высокія хвалі — да 4,2 м — залілі тунэлі і метро. Прэзідэнт ЗША абвясціў штат Нью-Ёрк зонай стыхійнага бедства і ўвёў там рэжым надзвычайнага становішча. Падчас урагану ў сталіцы штата ўзарвалася трансфарматарная падстанцыя, была эвакуяваная адна лякарня, згарэла 50 дамоў.

Таксама надзвычайнае становішча ўведзенае ў Мэрылендзе, Масачусетсе, Нью-Джэрсі, Канэкцікуце, Пенсільваніі, Род-Айлендзе, федэральнай акрузе Калумбія і некалькіх іншых штатах.

Метро Нью-Ёрка, хутчэй за ўсё зможа аднавіць сваю працу толькі праз чатыры-пяць дзён. Апроч Нью-Ёрка грамадскі транспарт не працуе ў Вашынгтоне, Балтымары, Філадэльфіі ды Бостане.

"Сэндзі" таксама стаў прычынай закрыцця Нью-ёркскай фондавай біржы ў аўторак. Гэта першы выпадак з 1888 года, калі біржа зачыненая два дні запар.

Губернатар штата Нью-Джэрсі Крыс Крысці кажа, што ад стыхіі пацярпелі 2,4 млн сем'яў. Па яго словах, пасля штармавой хвалі на беразе засталося смецце вышынёй больш за два метры.

Агульны лік ахвяр "Сэндзі", уключаючы загінулых у краінах Карыбскага басейна, перавысіў 80 чалавек.

Па апошніх звестках, без электраэнергіі стыхія пакінула каля 6 мільёнаў чалавек. Поўнае аднаўленне электразабеспячэння можа заняць тыдзень.

Хуткасць ветра ў цэнтры ўрагану дасягала 130 км у гадзіну. На захадзе штата Мэрыленд выпала 70 см снегу, а ў гарах Заходняй Вірджыніі — амаль метр. Снег выпаў нават у штаце Тэнэсі, што знаходзіцца значна далей на поўдзень.

Па звестках агенцтва Bloomberg, агульныя страты эканомікі ЗША ад удару стыхіі могуць перавысіць 20 млрд долараў, а страты страхавых кампаній могуць скласці да 10 млрд долараў.

Меркаваны маршрут урагана "Сэндзі"

Фота з сайтаў ВВС, РБК

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі