"Рэферэндумы" на акупаваных тэрыторыях і баі за Ліман — 212-я раніца вайны

"Рэферэндумы" праходзяць у Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях  / РИА Новости

На акупаваных частках Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны сёння пачынаюцца так званыя "рэферэндумы" аб далучэнні да Расіі. Яны працягнуцца да аўторка ўключна. Тым часам, расійскія блогеры учора ўвесь дзень пісалі пра "цяжкую сітуацыю" каля горада Ліман у Данецкай вобласці — сілы УСУ спрабавалі акружыць горад, прарвалі расійскі фронт на паўночным захадзе ад Лімана.

"Цяпер украінскае камандаванне ажыццяўляе перакідку дадатковых сіл для правядзення чарговага штурму і атачэння Лімана. Пры адсутнасці якіх — небудзь дзеянняў з боку УС РФ такі варыянт ужо не за гарамі", — пісаў ужо сёння раніцай Telegram-канал "Рыбар".

У ранішняй зводцы Генштаба УСУ аб гэтых баях няма ні слова. Затое гаворыцца пра тое, што "за суткі падраздзяленні сіл абароны адбівалі атакі праціўніка ў раёнах Купянска, Спорнага, Маёрска, Зайцава, Аўдзееўкі, Наваміхайлаўкі, Опытнага і Каменкі".

Карта баёў у Харкаўскай і Данецкай абласцях 22 верасня 2022 года / understandingwar.org

Ад удараў расіян за апошнія суткі пацярпелі больш за 45 населеных пунктаў. Пра гэта таксама гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.

У выніку аднаго з такіх абстрэлаў — горада Торецка (гэта у Бахмуцкім раёне Данецкай вобласці) два чалавекі загінулі і яшчэ шэсць параненыя. Па горадзе білі з мінамётаў, распавялі ў офісе генеральнага пракурора Украіны. Снарады трапілі ў двухпавярховы дом, магазін, прыватныя дамы і аўто. Загінулыя — жанчына і мужчына. Адна з пацярпелых — дзяўчынка-падлетак, ёй 15 гадоў.

А ноччу пад абстрэламі былі Запарожжа і Мікалаеў. Па Запарожжы расіяне выпусцілі каля 10 снарадаў, паведаміў старшыня Запарожскай АВА Аляксандр Старух. Паводле папярэдняй інфармацыі, вораг трапіў у аб'екты інфраструктуры. У той жа час карэспандэнт "Громадського" паведамляла аб моцных выбухах у Мікалаеве. Іх было па меншай меры чатыры. У горадзе і вобласці аб'явілі паветраную трывогу.

Два чалавекі загінулі гэтай ноччу ў Марганцы (гэта Днепрапятроўская вобласць). Па Марганцу і Нікапалю зноў білі з" Градаў " і цяжкай артылерыі. На гарады накіравалі амаль 30 снарадаў, піша кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. "Паводле папярэдняй інфармацыі, яшчэ дзевяць параненыя. Траіх з іх ратавальнікі дасталі з-пад завалаў...", — распавядае ён.

Наступствы абстрэлу Тарэцка / @pgo_gov_ua

У Інстытуце вывучэння вайны мяркуюць, што абвешчаная Крамлём частковая мабілізацыя можа павялічыць колькасць войскаў, "але наўрад ці прывядзе да стварэння эфектыўных жаўнераў і выклікае значную негатыўную рэакцыю ўнутры краіны з невялікай выгадай". Там адзначылі, што Крэмль адкрыта не вытрымлівае абяцаных умоў мабілізацыі. Першапачаткова гаворка ішла пра тое, што рэзервістамі будуць толькі тыя, хто мае ваенны досвед. А па факце позвы сталі раздаваць пратэстоўцам, якія не былі ўключаны ў спісы рэзервістаў. Акрамя таго сталі вядомыя выпадкі, калі позвы атрымалі і банкаўскі ІТ-спецыяліст з Масквы, які не служыў у войску і не быў на ваеннай кафедры, і студэнт з Бураціі. Хоць студэнтаў таксама абяцалі не чапаць.

У Інстытуце таксама пракаментавалі абмен палоннымі. Эксперты лічаць, гэты абмен правялі ў дзень аб'яўлення мабілізацыі, каб паспрабаваць паменшыць яго значэнне. Але разлік не спрацаваў, крытыка з боку рускіх традыцыяналістаў, якія чакалі суда над "азоўцамі", была. Да прыкладу, чачэнскі лідар Рамзан Кадыраў назваў абмен"незразумелым". Кадыраў учора таксама заявіў, што не будзе праводзіць мабілізацыю ў Чачні. Патлумачыў гэта тым, што за час расійска-ўкраінскай вайны рэспубліка ўжо "перавыканала план". Сюжэт з яго выступам выйшаў у вячэрнім выпуску навін на канале "Грозны", распавядае "Каўказ рэаліі".

У сувязі з абвешчанай мабілізацыяй да расіян звярнуўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён заклікаў грамадзян РФ выходзіць на пратэсты і змагацца ці здавацца ва ўкраінскі палон.

"Вы ўжо саўдзельнікі ўсіх гэтых злачынстваў, забойстваў і катаванняў украінцаў. Таму што вы маўчалі. Таму што вы маўчыце. І зараз у вас час для выбару. Для мужчын у Расіі гэта выбар памерці ці жыць, стаць калекай або захаваць здароўе. Для жанчын у Расіі  выбар — страціць назаўжды мужоў, сыноў, унукаў або паспрабаваць абараніць іх ад гібелі, ад вайны, ад аднаго чалавека", — заявіў Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце.

Краіны-члены Еўрапейскага Саюза спрабуюць дасягнуць палітычнага пагаднення аб абмежаванні цаны на расійскую нафту. Аб гэтым піша Bloomberg. Гэтая ініцыятыва, верагодна, увойдзе ў новы пакет санкцый, прапанаваных Еўракамісіяй. Там лічаць, што такое рашэнне магло б ударыць па даходах Масквы.

Але, як адзначылі крыніцы Bloomberg, у гэтага рашэння ёсць і праціўнікі — не факт, што яно будзе прынята. Так ці інакш, на выхадныя запланавана сустрэча прадстаўнікоў краін ЕС і Еўракамісіі. На парадку дня — новы пакет санкцый супраць Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.