Расійскія сацыёлагі: за саюз і партнёрства з Расіяй — 89,4% беларусаў

Расійскія сацыёлагі: за саюз і партнёрства з Расіяй — 89,4% беларусаў

Амаль 90% беларусаў выступаюць за саюзніцкія і партнёрскія адносіны з Расіяй. Такія вынікі паказала апытанне, праведзенае расійскімі сацыёлагамі ў Беларусі, піша расійскае выданне "Коммерсант". 

Апытаннем займаўся Цэнтр прасторавага аналізу міжнародных адносін ІМІ МГІМО ў рамках праекта "Трансфармацыі электаральных паводзінаў у рэгіёнах замежных краін, памежных з Расійскай Федэрацыяй: параўнальны прасторавы аналіз". Падчас апытання было зроблена больш за 7000 тэлефанаванняў, сабрана 500 поўных анкет з кантролем выбаркі па ўсіх рэгіёнах Беларусі і па полаўзроставай структуры рэспандэнтаў.

Як піша расійскае выданне, на пытанне, якія адносіны з Расіяй вы лічыце найбольш прымальнымі для Беларусі, 57,6% адказалі "саюзніцкія"; 31,8% — "партнёрскія"; 10,2% — "нейтральныя". Толькі 0,2% апытаных заявілі, што адносіны паміж краінамі павінны быць варожымі. Столькі ж рэспандэнтаў не змаглі адказаць на гэтае пытанне.

У верасні вынікі свайго сацыялагічнага апытання агучваў кіраўнік "Беларускай аналітычнай майстэрні" Андрэй Вардамацкі, і яны істотна адрозніваюцца ад расійскіх сацыёлагаў. Паводле яго звестак, за саюз з Расіяй выступаюць 54,5% беларусаў, а 25% — за саюз з Еўропай. Яшчэ 20,5% апытаных не ведаюць, што адказаць, ці не вызначыліся з адказам на гэтае пытанне. 

Таксама расійскія сацыёлагі спыталі, як часта беларусы ездзяць у Расію. 21,4% беларусаў сказалі, што бываюць у Расіі некалькі разоў на год, 55,4% — адзін раз у год і радзей, а 23,2% — ніколі не былі ў Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі