Расійскі верталёт Мі-8 прызямліўся на ўкраінскі аэрадром, экіпаж здаўся ў палон

Верталёт Мі-8 / Wikimedia Commons, ілюстрацыйнае фота

Верталёт Мі-8 / Wikimedia Commons, ілюстрацыйнае фота

На адзін з аэрадромаў Украіны нядаўна прызямліўся расійскі верталёт Мі-8. Экіпаж здаўся ў палон, перадае hromadske.ua.

Гэтыя звесткі на тэлемарафоне пацвердзіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў: "Афіцыйная інфармацыя будзе. Трошкі трэба пачакаць, вядзецца праца, і з экіпажам у тым ліку. Усё ў парадку, навіны будуць".

У расійскіх тг-каналах пішуць, што Мі-8 знік некалькі тыдняў таму. Гаворыцца, быццам экіпаж "па нейкіх прычынах" страціў арыенціроўку і прызямліўся на аэрадроме Палтавы. Яна, дарэчы, знаходзіцца далёка за лініяй фронту.

Тым часам "Украінская праўда" са спасылкай на свае крыніцы ў спецслужбах сцвярджае, што расійскі верталёт прызямліўся ў Харкаўскай вобласці. Паводле звестак выдання, гэта была спецаперацыя ГУР, якая цягнулася больш за паўгода. Украінская разведка завабіла пілота Мі-8 ва Украіну, яго сям'ю загадзя вывезлі з Расіі.

Паводле звестак выдання, разам з пілотам на борце былі два чальцы экіпажа, якія не ведалі, куды насамрэч накіроўваецца верталёт. Іх нібыта знішчылі.

Верталёт, па звестках СМІ, перавозіў дэталі для знішчальнікаў. Яго абсталяванне дэталёва вывучаць, пасля чаго ён папоўніць авіяфлот Украіны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі