У Польшчы чакаюць "першага рэальнага кроку" ад беларускіх уладаў

МЗС Польшчы

МЗС Польшчы / gov.pl/web/diplomacy

Для паляпшэння польска-беларускіх адносін патрэбны "першы рэальны крок" з беларускага боку. Аб гэтым заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Польшчы Павел Уронскі. Раней беларускія афіцыйныя асобы заяўлялі, што Мінск хацеў бы разрадзіць абстаноўку і ўрэгуляваць адносіны.

Уронскі нагадаў, што міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі раней сфармуляваў умовы для гэтага, "яны ясныя і дзейнічаюць да гэтага часу".

"Гэта канец гібрыднай атакі і вывазу мігрантаў на мяжу. Тут ёсць пэўны прагрэс, і прыток мігрантаў апошнім часам знізіўся", — нагадаў прадстаўнік МЗС. Ягоныя словы прыводзіць ПАП. Другое пытанне датычыцца расследавання забойства польскага салдата на мяжы з Беларуссю, яго, нагадаем, ударыў нажом мігрант. Варшава патрабуе, каб Мінск выдаў забойцу. "Ёсць прыкметы таго, што гэты злачынец вядомы гэтаму боку. І гэта было б пачаткам", — зазначыў Уронскі. Акрамя таго, у Варшаве па-ранейшаму чакаюць вызваленне польскага актывіста і журналіста Анджэя Пачобута ды іншых палітвязняў. "Мы чакаем першага рэальнага кроку ад беларускага боку", — падсумаваў прадстаўнік польскага МЗС.

Нагадаем, у аўторак Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь хоча ўрэгуляваць адносіны з Польшчай. На гэтым жа тыдні кіраўнік беларускага МЗС Максім Рыжанкоў заявіў, што Беларусь "гатова да дыялогу з Польшчай адносна сітуацыі на мяжы". Пры гэтым ён абвінаваціў польскі бок у нежаданні весці дыялог.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі