Расійскі лыжнік адмовіўся выступаць за Беларусь і вярнуўся ў Санкт-Пецярбург?
Расіянін Міхаіл Куклін пакінуў зборы беларускай нацыянальнай каманды па лыжных гонках.
Член беларускай нацыянальнай каманды па лыжных гонках расіянін Міхаіл Куклін, якога чыноўнікі на будучай Алімпіядзе бачылі замест славутага Сяргея Далідовіча, з канца лістапада не ўдзельнічае ў стартах. На двух апошніх ён быў зарэгістраваны, але на лыжню так і не выйшаў. Хоць уся астатняя каманда ўжо за першыя дні снежня паспела паўдзельнічаць у некалькіх гонках у Італіі і Аўстрыі.
Нагадаем, што расійскія лыжнікі прыцягнулі ўвагу яшчэ ў ліпені, калі апынулася, што яны, не маючы беларускага грамадзянства, выступаюць на міжнародных спаборніцтвах за Беларусь, а таксама плануюць паехаць на Алімпійскія гульні у складзе нашай зборнай.
Як стала вядома Еўрарадыё, адзін з расійскіх лыжнікаў Міхаіл Куклін пакінуў зборы нацыянальнай каманды і нібыта адмовіўся выступаць за нашу краіну.
Звязацца з Міхаілам Кукліным не ўдалося. Прачытаўшы паведамленні ў сацсетках, ён не адказваў, ігнараваў званкі ў Viber. Гэтак жа паведамленні ігнаравала яго жонка, расійская біятланістка Ларыса Кукліна.
Старшыня Беларускай федэрацыі лыжных гонак Андрэй Каваленка настойвае, што ўсё нармальна і Куклін разам з астатняй камандай цяпер на зборах:
"Усё нармальна, усё як заўсёды. Зборы праходзяць на этапах Кубка свету, і Міхаіл Куклін у складзе нацыянальнай каманды рыхтуецца да спаборніцтваў".
Пасля гэтай размовы, як стала вядома Еўрарадыё ад прадстаўніка федэрацыі лыжных гонак, Андрэй Каваленка тэрмінова вылецеў у Давос, дзе цяпер на зборах знаходзіцца нацыянальная каманда Беларусі.
Падобна на тое, што Міхаіл Куклін так і не атрымаў беларускае грамадзянства, хоць яшчэ ў жніўні старшыня федэрацыі запэўніваў, што расіяніну далі беларускі пашпарт, як і іншым замежным лыжнікам у нацыянальнай камандзе. Выходзіць, што былі дарэмна патрачаныя два гады і грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў на падрыхтоўку спартсмена, які ў любы момант мог сысці?