Вы тут

Расійскі канцэрн: нам пакуль не давалі задачы паставіць С-400 у Беларусь

Комплексы С-400 / РІА "Новости"

Расія пакуль не пачала пастаўкі зенітных ракетных комплексаў С-400 у Беларусь, паведаміў у інтэрв'ю "Інтэрфаксу" намеснік гендырэктара ў замежнаэканамічнай дзейнасці канцэрна "Алмаз-Антэй" Вячаслаў Дзіркалн.

"Што тычыцца С-400 — мы гатовыя вырашыць гэтую задачу, але пакуль яна нам не ставілася", — сказаў Дзіркалн.

Топ-менеджар канцэрна "Алмаз-Антэй" пахваліў сістэму СПА Беларусі "з пункту гледжання тэхнічнай аснашчанасці і арганізацыйна". Дзіркалн таксама праінфармаваў, што кампанія пастаўляе ў рэспубліку сістэмы малой далёкасці, ажыццяўляе рамонт і мадэрнізацыю тэхнікі.

Расійскі канцэрн "Алмаз-Антэй" заснаваны ў 2002 годзе, ён аб'ядноўвае прадпрыемствы, якія распрацоўваюць і выпускаюць узбраенні для супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны. 

Раней паведамлялася, што Беларусь вядзе перамовы з Расіяй аб магчымасці пастаўкі ЗРК С-400, але канкрэтнага выніку пакуль няма. Аб гэтым заявіў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Інфармацыі пра дату пастаўкі ЗРК С-400 у Беларусь не маюць у Крамлі. У прэс-службе прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна не адказалі і на пытанне, ці будуць абслугоўваць С-400 расійскія экіпажы ў тым выпадку, калі сістэмы даставяць у Беларусь.

Зенітна-ракетны комплекс С-400 ("Трыумф") прызначаны для знішчэння крылатых ракет, самалётаў тактычнай і стратэгічнай авіяцыі на адлегласці да 400 кіламетраў. У Расіі ён прыняты на ўзбраенне ў 2007 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.