Расіяне "штурмуюць, але не маюць поспеху" — 97-я раніца вайны

Вайна ва Украіне доўжыцца ўжо 97 дзён​ / @uniannet
Вайна ва Украіне доўжыцца ўжо 97 дзён​ / @uniannet

Севераданецк пакуль застаецца па-за поўным кантролем расійскіх войскаў. Баі ідуць у горадзе, паведаміў раніцай у аўторак кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Баявыя дзеянні працягваюцца таксама і ў раёне Залатога і Камышавахі.

"Штурмуюць, але не маюць поспеху", — напісаў ён. 

Адсутнасць поспехаў расіян у Луганскай вобласці адзначае і Генштаб УСУ. Там таксама паведамляюць, што расіяне рыхтуюцца да наступу на Ліманскім кірунку, тут яны праводзяць перагрупоўку. Спрабавалі ўчора правесці разведку маршрутаў далейшага прасоўвання ў раёне Лімана, але панеслі страты і адышлі.

Украінскі Генштаб таксама сочыць за сітуацыяй на ўкраінска-беларускай мяжы. Адзначае ўзмацненне аховы мяжы на тым баку. Беларускія вайскоўцы абсталююць пазіцыі, праводзяць разведку і мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі. "Пагроза ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі захоўваецца", адзначаюць ва ўкраінскім Генштабе.

Аб актывізацыі абстрэлаў на паўднёвым кірунку паведамляе " Громадське "са спасылкай на камандаванне "Поўдзень". Тут, нагадаем, украінцам некалькі дзён таму ўдалося арганізаваць контрнаступленне. У адказ снарады сталі прылятаць у тым ліку і ў грамадзянскія кварталы. У прыгарадзе Мікалаева, да прыкладу, учора былі пашкоджаныя прыватны млын, мясаперапрацоўчае прадпрыемства, некалькі падворкаў і вадаправод.

За апошнія два дні гэта контрнаступленне на поўначы Херсонскай вобласці так нікуды і не прасунулася, адзначаюць у Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны. Але яно здолела сарваць расійскія аперацыі. Эксперты Інстытута пішуць аб некалькіх няўдалых нападах на ўкраінскі плацдарм на ўсходнім беразе ракі Інгулец.

У Інстытуце таксама адзначаюць, што расійскія войскі праводзяць перагрупоўку пад Ізюмам, каб аднавіць наступ на Славянск і Барвянкова. Правялі тут нязначныя, беспаспяховыя атакі. Расіяне паступова прасоўваюцца да Славянска, плануюць штурмаваць горад у бліжэйшыя тыдні, але наўрад ці даб'юцца рашучых поспехаў, лічаць эксперты Інстытута. Яны таксама адзначаюць страты сярод расійскіх малодшых афіцэраў, якія "пагоршаць расійскі маральны дух і магчымасці камандавання і кіравання".

Россияне "штурмуют, но не имеют успеха" — 97-е утро войны
Карта ваенных дзеянняў па стане на 30 траўня 2022 года / understandingwar.org

Ход баявых дзеянняў на ўсходзе Украіне зменіцца ў найбліжэйшы тыдзень-паўтары. Гэта адбудзецца пасля атрымання УСУ новай порцыі заходняй ваеннай дапамогі. Так лічыць экс-кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны Мікалай Маламуж. Яго словы прыводзіць рэсурс "Сегодня".

Са слоў Маламужа, праз тыдзень-паўтара ў распараджэнні ўкраінскіх вайскоўцаў паступяць у тым ліку ракетныя сістэмы залпавага агню "Ураган" і "Смерч". Тады "мы можам паражаць усю сістэму дальнабойнай артылерыі, усе ракетныя сродкі — і "Смерчы", і "Ураганы", і іншыя магутныя сістэмы, якія працуюць па нашых войсках і знішчаюць нашы гарады. Тут мы можам наносіць наймагутныя ўдары, іх знішчаць, а пасля гэтага праводзіць вельмі магутныя контратакі або тактычныя наступальныя аперацыі", — патлумачыў ён.

Перамовы з Расіяй спыненыя ў палітыка-дыпламатычнай частцы, але працягваюцца па гуманітарных пытаннях, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

"Чаму палітыка-дыпламатычная частка спыненая? Таму што перамовы – гэта ж пытанне сувязі паміж тым, што адбываецца ў рэальным свеце, не толькі на палях бітваў, але і ў цэлым: санкцыі, рэпутацыя, партнёры. Расія неадэкватна глядзіць на ўсё гэта. Гэта феномен, які таксама будзе ўпісаны ў падручнікі", — заявіў Падаляк. Цытату прыводзіць УНІАН. Падаляк спадзяецца, што калі расіяне пачнуць цярпець істотныя ваенныя паразы ў Украіне, то стануць больш адэкватна ацэньваць рэальнасць. Зараз жа кантакты працягваюцца ў гуманітарнай частцы: па абмене палоннымі, гуманітарных калідорах і эвакуацыі людзей.

Россияне "штурмуют, но не имеют успеха" — 97-е утро войны
Эвакуацыя мірных жыхароў з Луганскай вобласці /@luhanskaVTSA

Тым часам у Еўрасаюзе ўзгаднілі новыя санкцыі супраць Расіі. Абмежаванні закрануць і экспарт нафты. Поўнае эмбарга не ўвялі, але пастаўкі вырашылі істотна скараціць. Па словах кіраўніка Еўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляйен, "гэта дазволіць фактычна скараціць каля 90% імпарту нафты з Расеі ў ЕС да канца года". Акрамя таго, дамовіліся адключыць ад міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT расійскі "Сбербанк".

Тым часам у Марыупалі новыя ўлады, прызначаныя Расіяй, пачалі прымаць дакументы для атрымання расійскага пашпарта. "Анэксія Марыупаля Расіяй перайшла ў наступную стадыю рэалізацыі. Актыўную", заявіў дарадца гарадскога галавы Марыупаля Пётр Андрушчанка.

Ёсць складанасці з лагістыкай. Жыхары Марыупаля, якія хочуць атрымаць расійскае грамадзянства, павінны ўзяць даведку аб рэгістрацыі ў Данецку і падаць дакументы на пашпарт у горад Новаазоўск — у так званую "міграцыйную службу "ДНР", але "улічваючы стан паведамлення з Данецкам гэта пакуль трохі праблематычна", адзначыў Андрушчанка.

Нагадаем, раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрасціў парадак атрымання грамадзянства РФ для жыхароў Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны. Адпаведны ўказ быў падпісаны 25 траўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі