Раманоўская падала подпісы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты

Жанна Раманоўская (на здымку) падала подпісы для рэгістрацыі яе кандыдатам у прэзідэнты. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў ЦВК.

БелаПАН адзначае, што Раманоўская не кажа, якую колькасць подпісаў сабрала яе ініцыятыўная група. Як вядома, для рэгістрацыі патрэбна, як мінімум, 100 тысяч.  

"Мы подпісы здалі, а там яны ўжо паглядзяць і палічаць", — сказала Жанна Раманоўская. У ЦВК Еўрарадыё кажуць, што пра колькасць здадзеных подпісаў можа стаць вядома сёння позна ўвечары. Тэлеканал СТВ паведаміў, што ў Фрунзенскую тэрытарыяльную камісію сталіцы Раманоўская здала толькі... 14 подпісаў.

Нагадаем, на працягу месяца збору подпісаў яна ні разу не паведамляла пра тое, як ідзе збор подпісаў. Таксама былі амаль не заўважныя яе пікеты. Таму лічылася, што Раманоўская не сабрала 100 тысяч подпісаў і не будзе іх здаваць.

Пра тое, што сабраныя 100 тысяч паведамілі ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Таццяны Караткевіч і Мікалая Улаховіча. Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька заявілі, што не змаглі сабраць неабходную колькасць подпісаў.

Сабраныя подпісы мусяць быць здадзены ў тэрытарыяльныя камісіі да 19-й гадзіны 21 жніўня.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі