Радыё Свабода: візіт Магерыні ў Беларусь адменены з-за адсутнасці Лукашэнкі

Радыё Свабода: візіт Магерыні ў Беларусь адменены з-за адсутнасці Лукашэнкі

З'явілася новая версія таго, чаму вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні адмяніла свой візіт у Беларусь. 4-5 кастрычніка яна мусіла паўдзельнічаць у сустрэчы міністраў "Усходняга партнёрства" ў Мінску. Прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне паведаміла, што візіт не адбыўся "праз шэраг зменаў у парадку дня розных удзельнікаў і па выніках абмеркаванняў з Беларуссю як прымаючым бокам".

Як інфармуе Радыё Свабода, яго брусельскі карэспандэнт Рыкард Юзьвяк даведаўся сапраўдную прычыну адмены візіту Магерыні. З неназваных крыніц у структурах ЕС ён атрымаў інфармацыю, што "прадстаўнікі Еўрасаюза вінавацяць у гэтым Лукашэнку". 4 кастрычніка беларускі кіраўнік наведае Украіну, дзе ў яго ў Жытоміры падчас II Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны запланавана сустрэча з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Неназваныя прадстаўнікі ЕС якраз і наракаюць на тое, што Аляксандра Лукашэнкі падчас запланаванага мінскага мерапрыемства не будзе ў Беларусі. І гэта ён фактычна скасаваў візіт Федэрыкі Магерыні, мяркуюць яны. Дарэчы, вярхоўнай прадстаўніцы Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі раілі "не надта імкнуцца" ў Мінск на згаданае мерапрыемства, паколькі там "збіраліся прысутнічаць міністры замежных спраў з нешматлікіх краінаў".

Што да сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін "Усходняга партнёрства", то яе перанеслі на 2020 год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі