Рада БНР узнагародзіла беларускіх добраахвотнікаў, Пазняка, Бяляцкага

Медаль Рады БНР

Медаль Рады БНР / Рада БНР

У 106-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусі Рада БНР узнагародзіла шэраг нацыянальных дзеячаў за заслугі перад народам. Адпаведныя дэкрэты падпісала старшыня Рады Івонка Сурвіла.

Упершыню з 1950 года адбылося ўзнагароджанне тытуламі кавалера Ордэна Пагоні з наданнем адзнакі Крыжа Ордэна Пагоні. Імі адзначаныя палітык Зянон Пазняк, праваабаронца Алесь Бяляцкі (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра і цяперашні палітвязень), а таксама два палітвязні, чые імёны не паведамляюцца дзеля іх бяспекі. "Гэтай жа ўзнагародай адзначаныя два рэлігійныя і духоўныя лідары нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не апублічваюцца", — паведамляе Рада БНР.

Медалём Ордэна Пагоні адзначаныя: 
— ваяр і вайсковы арганізатар у батальёне "Волат" з дадатковай вайсковаю адзнакаю і адзнакаю за мужнасць, 
— дырэктар "Беларускага дому" ў Варшаве Алесь Зарамбюк
— намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук (з дадатковай вайсковаю адзнакаю), 
— куратарка кніжнай калекцыі Бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане Караліна Мацкевіч
— камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў (з дадатковай вайсковаю адзнакаю),
— дзеяч Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі і адзін з кіраўнікоў Беларускага дабрачыннага фонду Сяргей Пяткевіч
— удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980-х і непадцэнзурнага друку, журналістка Алена Радкевіч,
— сустрашыня руху салідарнасці "Разам" Алена Талстая,
— брытанскі навуковец Алан Флаўэрс, 
— грамадскі актывіст, які шмат зрабіў у галіне дабрачыннасці, медык Сяргей Юрчанка (Чэхія).

Медалём Ордэна Пагоні былі адзначаныя грамадскія дзеячы — за ўнёсак у беларускую культуру:
— аўтарка падручнікаў па беларускай мове для 1-6 клясаў, беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк,
— заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і кіраўнік беластоцкага Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк
— паэт  Андрэй Хадановіч.

Акрамя таго закрытым дэкрэтам старшыня Рады БНР узнагародзіла медалём "За баявыя заслугі" трох афіцэраў і 14 байцоў палка імя Каліноўскага, аднаго афіцэра і 11 байцоў батальёна "Волат", а таксама аднаго байца асобнай десантна-штурмавой роты "Беларусь" у складзе адной з брыгад Узброеных Сілаў Украіны.

Паведамляецца таксама, што аднаму з вайсковых арганізатараў, раней узнагароджанаму Медалём Ордэна Пагоні, надалі дадатковую вайсковую адзнаку.

Раней рэжым Лукашэнкі прызнаў узнагароды Рады БНР "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі