Работнік лазні ў Баранавічах хаваў у трубе на працы абрэз і патроны
![Работнік лазні ў Баранавічах хаваў у трубе на працы абрэз і патроны](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/abrez-0609.jpg.webp?itok=6QhpMXdE)
Нечаканую хованку знайшлі работнікі гарадскога лазнева-аздараўленчага комплексу ў Баранавічах. У вентыляцыйнай трубе яны выявілі сапраўдны арсенал, інфармуе БЕЛТА.
Работнікі лазні паведамілі пра знаходку ў міліцыю. Праваахоўнікі дасталі з выцяжной трубы абрэз адназараднага малакалібернага карабіна ТОЗ-16 (без нумара, 1956 года выпуску) і 139 патронаў рознага калібру.
На зброі эксперты выявілі сляды 62-гадовага рабочага лазні.
Экспертыза прызнала наразную агнястрэльную зброю і боепрыпасы прыдатнымі для стральбы.
Міліцыянты затрымалі мужчыну. Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта пачаў на яго крымінальную справу за незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Цяпер пенсіянеру пагражае ад двух гадоў папраўчых работ да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.