Пытанні і адказы пра падатак на пазыкі

З 2015 года ў падатковым кодэксе з'явіліся папраўкі. Цяпер плаціць падатак у 13% трэба нават з грошай, узятых у доўг. Хто павінен плаціць падатак? У каго можна браць у доўг і не плаціць 13% і навошта ўсё гэта трэба? Еўрарадыё вывучыла Кодэкс, пачытала пісьмовыя тлумачэнні міністэрства і звярнулася ў падатковую з пытаннямі.

У якім выпадку трэба плаціць падатак?

Плаціць падатак трэба, толькі калі вас выклікалі ў падатковую інспекцыю і папрасілі растлумачыць, адкуль у вас грошы на дарагія пакупкі, а вы заяўляеце, што ўзялі іх у доўг.

"Падаткаабкладанне датычыць толькі тых грамадзян, якія па патрабаванні падатковых органаў павінныя прадставіць дэкларацыю аб даходах і маёмасці. Напрыклад, чалавек рабіў дарагія пакупкі (нерухомасць, аўтамабіль і гэтак далей), але пры гэтым атрымліваў невялікую заработную плату або зусім не меў даходаў. Калі ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці ён пакажа, што рабіў гэтыя пакупкі за кошт пазыкі ў іншай фізічнай асобы, то з гэтай сумы яму трэба будзе заплаціць падаходны падатак", — тлумачаць у МПЗ.

Калі вы ўзялі грошы ў доўг, вы не абавязаныя самі бегчы ў падатковую і плаціць 13%.

З якіх пазык трэба плаціць падатак?

Плаціць падатак могуць прымусіць толькі ў тым выпадку, калі вы пазычалі грошы ў фізічнай асобы ў Беларусі ці за мяжой у сябра, банка, прадпрымальніка або фірмы.

"Гаворка ідзе пра пазыкі, крэдыты, атрыманыя ад іншых фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ад замежных арганізацый, якія не ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, а таксама ад замежных ІП".

З якіх пазык не трэба плаціць падатак?

Плаціць падатак не трэба, калі вы ўзялі ў доўг у блізкага сваяка: жонкі, бацькоў (усынаўляльнікаў), дзяцей (у тым ліку ўсыноўленых), родных братоў і сясцёр, дзядуляў, бабуль, унукаў, а таксама ад блізкіх сваякоў жонкі ці мужа.

Не трэба плаціць падатак з крэдыту, узятага ў банка, або пазыкі, узятай у іншых юрыдычных асоб і ІП у Беларусі.

"Падаходны падатак не вылічаецца таксама з сум пазык, атрыманых ад беларускіх арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама крэдытаў, атрыманых у беларускіх банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых установах".

Калі я ўзяў грошы ў доўг, але не заявіў пра гэта, гэта парушэнне закона?

Не. Калі вы ўзялі грошы ў доўг, вы не абавязаныя заяўляць пра гэта і выплачваць падатак. Але калі ў вас маленькая зарплата ці зусім няма даходаў, а вы купляеце дарагі аўтамабіль або кватэру, то ў падатковай могуць узнікнуць пытанні.

Каб растлумачыць, адкуль у вас грошы, вы даяце дакумент, напрыклад, распіску, што грошы ўзялі ў доўг у знаёмага. У гэтым выпадку вам дадуць 30 дзён, каб заплаціць падатак.

Калі я ўжо вярнуў частку пазыкі да моманту, калі мяне выклікалі ў падатковую?

У гэтым выпадку трэба падаць дакументы аб вяртанні часткі пазыкі (тую ж распіску ад вашага знаёмага), і плаціць падатак трэба будзе толькі з рэшты сумы. Калі вы вярнулі пазыку цалкам і пацвердзілі гэта дакументамі, то падатак не трэба будзе плаціць. Але трэба будзе патлумачыць адкуль у вас грошы на вяртанне пазыкі.

"Падатковым органам не вылічаецца падатак з даходаў у выглядзе пазык, крэдытаў, калі такія пазыкі, крэдыты: цалкам (часткова) пагашаныя (вернутыя) і плацельшчыкам у падатковы орган прадстаўленыя дакументы, якія пацвярджаюць факт поўнага (частковага) пагашэння (вяртання) пазык, крэдытаў. Пры частковым пагашэнні (вяртанні) пазыкі, крэдыту падатак вылічваецца з непагашанай (нявернутай) сумы такой пазыкі, крэдыту".

Як можна вярнуць падатак?

Калі вы заплацілі падатак, а пазней вярнулі пазыку. У гэтым выпадку вы можаце запатрабаваць вяртання падатку. Для гэтага трэба звярнуцца з заявай у сваю падатковую і падаць дакументы, якія пацвярджаюць, што вы цалкам вярнулі пазыку. Падатак вам вернуць або залічаць цягам месяца.

"Залік, вяртанне падаходнага падатку з фізічных асоб, выплачанага з даходаў у выглядзе пазык, крэдытаў, робяцца падатковым органам па месцы пастаноўкі на ўлік плацельшчыка на падставе заявы і дакументаў, якія пацвярджаюць поўнае пагашэнне пазыкі".

Навошта гэта ўсё трэба?

Такім чынам МПЗ спрабуе змагацца з тымі, хто не плаціць падаткі і хавае свае даходы, атрымлівае маленькую зарплату або зусім не мае афіцыйных даходаў, але пры гэтым купляе дарагія рэчы.

Раней падатковая таксама прасіла такіх людзей растлумачыць, адкуль грошы. Пры гэтым маючы нелегальны прыбытак, можна было даць распіску, што грошы вы ўзялі ў доўг у чалавека, які, напрыклад, жыве за мяжой.

Так нелегальныя грошы станавіліся легальнымі. А праверыць чалавека, які жыве ў іншай краіне, нашай падатковай складаней. Сёння з такіх грошай трэба плаціць 13% падатак. Каб вярнуць падатак, патрэбны дакумент аб вяртанні пазыкі. Пры гэтым у вас павінныя быць афіцыйныя даходы, якіх хопіць на вяртанне доўгу. Інакш 13% застаюцца ў дзяржавы.

Калі я вярнуў пазыку, але пазычыў пры гэтым патрэбную суму ў іншага чалавека?

У такім выпадку падатак вам не вернуць. Пазыку трэба пагасіць толькі за кошт заробленых грошай.

"Разам з тым, пры пагашэнні (вяртанні) пазык, крэдытаў за кошт сродкаў, атрыманых на зваротнай ці ўмоўна зваротнай аснове ад асоб, пераразлік падаходнага падатку не робіцца і падатак вяртанню (заліку) не падлягае".

Фота: wuto.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі