Пяць прычын таго, чаму Расія можа забараніць у Беларусі амерыканскі фільм

Расійская кампанія “Цэнтрал партнершып” у катэгарычнай форме забараніла беларускаму “Кінавідэапракату” паказваць галівудскі фільм “Нумар 44” у Мінску. Тлумачым, чаму беларускія пракатчыкі не могуць супраціўляцца.

Прычына 1

Праваўладальнік. Права на дыстрыбуцыю амерыканскага фільма ў СНД належыць расійскай кампаніі. Яна можа яго перапрадаваць больш дробным нацыянальным дыстрыб'ютарам. У свеце не так шмат кампаній, якія працуюць наўпрост з Галівудам. У Еўропе, напрыклад, кінапрадукцыю распаўсюджвае брытанская кампанія з Лондана.

Прычына 2

“Кінавідэапракату” выгадна працаваць з расійскай кампаніяй. “Калі б мы набывалі фільмы ў Лондане, то мелі бы не 220 асноўных прэм’ер шырокага пракату ў год, а 30. І то не вядома, ці пацягнулі б. Таму што фільмы трэба дубляваць”, — кажа дырэктар сталічнага “Кінавідэапраката” Васіль Коктыш.

Прычына 3

Набываючы галівудскія фільмы ў абыход расійскай кампаніі “Цэнтрал Партнершып” іх можна было б паказваць у Беларусі не дублюючы — па-англійску, альбо з субтытрамі. “У нас англійскую мову моладзь ужо крыху ведае, але не на такім узроўні, каб глядзець фільмы. Калі мы так будзем рабіць, то кінатэатры апусцеюць”, — расказвае Коктыш.

Прычына 4

Беларусь можа страціць сусветныя прэм’еры. Па першае — дубляж шмат каштуе. Па-другое — патрабуе шмат часу. “Нам вельмі выгадна працаваць разам з Расіяй. І дзякуй богу, яны пакуль яшчэ набываюць правы на Беларусь. Я працую ў кіно ўсё жыццё і памятаю часы, калі беларусы нават не марылі глядзець новыя фільмы разам з астатнім светам. Напрыклад, прэм'ера “Тытаніка” ў нас прайшла праз паўгода пасля сусветнай. А расійскі фільм “Сібірскі цырульнік” — толькі праз 8 месяцаў, таму што не маглі ніяк дамовіцца пра умовы. Таму мы вельмі цэнім адносіны з расійскім дыстрыб'ютарам”, — прызнаецца Васіль Коктыш.

Прычына 5

Расійская кампанія “Цэнтрал Партнершып” валодае электронным ключом да базы набытых фільмаў. Па дамове з беларускім “Кінавідэапаркатам” яго перадаюць для паказу фільмаў у Беларусі. “Яны далі нам ключ на “Нумар 44”, але маглі б яго ў любы момант адключыць”, — расказвае Васіль Коктыш.

Кажучы па-просту, расіяне маглі б змяніць пароль да электроннай скрыні з фільмам і беларусы не маглі б яго паказаць пры ўсім жаданні.

Ці можа “Кінавідэапракат” падаць у суд на “Цэнтрал Партнершып”

Можа. Тэарэтычна. Але для гэтага неабходна абгрунтаваць прычыну прэтэнзій і матэрыяльныя страты. “У выпадку з фільмам “Нумар 44” нам гэта будзе вельмі складана зрабіць. На яго амаль не набывалі квіткі, паказаць планавалі толькі ў некалькіх кінатэатрах. Мы панеслі зусім нязначныя страты”, — гаворыць Васіль Коктыш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі