Пушкін: У Афгане прапаршчык-беларус пераклаў маёру-масквічу мой дзённік

На постсавецкай прасторы адзначалі 22-ю гадавіну вываду войскаў з Афганістана. У сярэдзіне 1980-х у гэтай гарачай кропцы апынуўся будучы вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін, якога Еўрарадыё папрасіла прыгадаць тагачасныя падзеі.

Алесь Пушкін: "Першае маё месца службы — гэта 181-ы асобны верталётны полк. Я быў механікам па ўзбраенні верталётаў МІ-8, МІ-24, і гэта быў Кундуз. Далей пералятаў у Джэлалабад на аперацыю, у Файзабад, гэта правінцыя Бадахшан. І Кабул, апошняя кропка, дзе я даслужваў красавік".

Еўрарадыё: Колькі вы там служылі?

Пушкін: "Паўтара года. Палова года — гэта "вучэбка" пад Валгаградам, горад Камышын. Там вучылі нас усіх школе малодшых авіяцыйных спецыялістаў. У адным узводзе я служыў з Яраславам Раманчуком".

Еўрарадыё: Ці Раманчук патрапіў у Афганістан?

Пушкін: "Не, з Раманчуком мы служылі ў Камышыне, ён вельмі добра вучыўся... Нас усіх туды набралі пасля першага курса, шмат беларусаў было і з ветэрынарнай акадэміі, з Наргаса. І Раманчук, здаецца, вучыўся ў Наргасе. Цудоўны хлопец, разумны, вельмі добры па страявой, палітычнай падрыхтоўцы, і яго накіравалі служыць у еўрапейскую частку Расіі. Усіх лепшых — туды".

Еўрарадыё: Вы лічыце, што вам не пашанцавала?

Пушкін: "Вядома. Бо ўявіце, усіх паразсылалі па былым СССР, на Кубу і на Новую Зямлю, і на Амур, і ў Польшчу, і ў Германію, гэта ж быў 1984 год. А нас...".

Еўрарадыё: Давайце пра ваша штодзённае жыццё пагаворым. Як праходзіў ваш дзень у Афганістане?

Пушкін: "Я туды прыбыў 3 лістапада 1984 года, мяне скіравалі ў "Першую эскадрылью". Адразу пачалася дзедаўшчына, у першы ж вечар пастроілі...


Вельмі цяжка было псіхалагічна, бо ты адчуваеш, што на чужой зямлі, што там ідуць абстрэлы, хоць полк ахоўваўся, бо гэта ж верталётны полк. Побач быў зенітна-артылерыйскі полк, сухапутны полк мотастралкоў, рота аховы, медсанбат, — усё гэта кампактны такі ваенны гарадок. Тават нават лазні былі зроблены...

І пачаліся працоўныя будні. Пад'ём у пяць гадзін, праца і ўжо ў шэсць гадзін тэмпература +25. І пілі толькі настой вярблюжай калючкі, бо ён спатыляў смагу. Есці зусім не хацелася, а вечарам ужо елі. Запраўлялі верталёты, падвешвалі бомбы 800 кілаграмовыя...”

Еўрарадыё: Ёсць такі стэрэатып, што ў савецкім войску вельмі любілі беларусаў, бо яны былі даволі паслухмянымі жаўнерамі.

Пушкін: "Вельмі ўдзячны савецкаму войску, што я даведаўся пра амаль усе нацыянальнасці тагачаснага Савецкага Саюзу. Канечне, беларусы былі самыя паслухмяныя. Характэрны прыклад. Прапаршчык Бельскі, начальнік Кундузскай ваеннай гаўптвахты, прачытаў мой дзённічак, які я вёў па-беларуску і апісваў усе ўражанні пра Афганістан. Ён паслухмяна далажыў начальніку штаба палка масквічу маёру Кулікову, што там напісана. І маёр Кулікоў выклікаў мяне. Ён не разумеў беларускай мовы і гаворыць: "Радавы Пушкін, у вашым дзённіку знаходзяцца думкі, якія ідуць у разрэз з палітыкай нашай дзяржавы і партыі ў гэтай сяброўскай краіне, атрымайце 10 сутак арышту".

І даў мне яшчэ 10 сутак гауптвахты. Вось прыклад беларуса — прапаршчык Бельскі, начальнік гауптвахты Кундуза. Вось так і атрымалася, што я быў не просты чалавек, а хуліган, агулам атрымаў там 28 сутак гаўптвахты..."

Еўрарадыё: Калі вы вярнуліся, тады ў БССР, як краіна вас прыняла?

Пушкін: "Я быў уражаны. Я прыехаў у зусім іншую краіну..."

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі