Вы тут

Пуцін абмеркаваў з членамі Саўбеза РФ затрыманне расіян у Беларусі

Уладзімір Пуцін адрэагаваў на затрыманне расіян у Беларусі / Reuters

31 ліпеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абмеркаваў з членамі Саўбеза РФ затрыманне 33 расійскіх грамадзян у Беларусі. Як паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, расійскі прэзідэнт чакае іх вызвалення ўжо ў бліжэйшы час. Затрыманне было названа "беспадстаўным". "Была выказана надзея на тое, што ўжо ў бліжэйшы час у гэтую гісторыю будзе ўнесеная яснасць", — сказаў Пяскоў.

Прэзідэнт Расіі размаўляў з членамі Саўбеза ў рэжыме відэаканферэнцыі. Падкрэсліваецца, што гэта была аператыўная нарада. У ёй сярод іншых удзельнічалі прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін, міністр абароны Сяргей Шайгу, дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў, кіраўнік Службы знешняй выведкі Сяргей Нарышкін.

Расіян-удзельнікаў прыватнай ваеннай кампаніі затрымалі ў Беларусі ўначы 29 ліпеня. У беларускіх афіцыйных СМІ было заяўлена, што "прыбылі больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі". МЗС Расіі заявіла, што "спроба прадставіць здарэнне як знешняе ўмяшанне ў справы рэспублікі выклікае, па меншай меры, здзіўленне". Расійскі бок сцвярджае, што затрыманыя былі ў нашай краіне "транзітам", але з нейкай прычыны затрымаліся.

Толькі 31 ліпеня расійскія дыпламаты атрымалі дазвол наведаць затрыманых расіян.