Вы тут

Прысуды па "справе медыкаў": Краўчонку — 5 гадоў, Ласіцкаму — 6

Ігар Ласіцкі чакае прысуду/ Euroradio

У Мінскім гарадзкім судзе агучылі прысуд па "справе медыкаў" экс-намесніку міністра аховы здароўя Ігару Ласіцкаму і былому галоўнаму лекару гарадской стаматалагічнай паліклінікі №12 Уладзіміру Краўчонку. Іх асудзілі за хабар ад кіраўнікоў фірмаў, якія пастаўляюць медабсталяванне.

Ласіцкі атрымаў 6 гадоў гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, забарону займаць кіруючыя пасады цягам пяці гадоў і спагнанне ў даход дзяржавы 53 тысячы рублёў.  Краўчонак — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, канфіскацыю ўсёй маёмасці, забарону займаць кіруючыя пасады цягам пяці гадоў і спагнанне ў 61 тысячу рублёў. Краўчонка ўзялі пад стражу ў зале суда.

Уладзіміра Краўчонка ўзялі пад стражу ў зале суда

Пракурор Юрый Шарстнёў прасіў для Уладзіміра Краўчонка 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, а Ігара Ласіцкага пакараць 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пры гэтым Шарснёў адзначыў, што абодва абвінавачаных прызналі сваю віну, напісалі яўкі з павіннай і супрацоўнічалі са следствам, а таксама кампенсавалі нанесеную дзяржаве шкоду.

Пракурор Юрый Шарстнёў

Згодна з агучанымі матэрыяламі справы, сумы "узнагароджанняў", якія бралі Ласіцкі і Краўчонак, вар'іраваліся ад 300 рублёў да € 15 000.

Былога галоўнага лекара Уладзіміра Краўчонка судзілі па двух артыкулах: чч. 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, у адмыслова буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) КК.

Краўчонак правёў у СІЗА 4 месяцы, а з кастрычніка 2018 года яго перавялі пад хатні арышт. Цяпер ён працуе стаматолагам ў 7-й стаматалагічнай паліклініцы. У пачатку студзеня стала вядома, што доктар заключыў дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. На атрыманыя грошы ён адпачываў з жонкай у санаторыі і за мяжой, а таксама аплачваў навучанне дачкі ў медуніверсітэце.

Былому намесніку міністра Ласіцкага судзілі ч. 3 арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду).

У абвінавачванні фігураваў эпізод перадачы яму хабару ў $ 2000. ад Краўчонка — нібыта за дапамогу ва ўрэгуляванні пытання, звязанага з клінічнымі выпрабаваннямі новых зубных імплантатаў.

Ласіцкі прызнаўся, што ён траціў атрыманыя грошы на лячэнне за мяжой і аплату вучобы сына ў БДМУ. З ліпеня 2018 г. экс-намеснік міністра знаходзіцца пад вартай.

Падтрымаць медыкаў прыйшлі родныя і калегі